Прызначаны новы прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі
14 ліпеня 20219 ліпеня ўказам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, іерэй Віктар Кулага прызначаны прарэктарам па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі.
Іерэй Віктар Віктаравіч Кулага нарадзіўся 24 лістапада 1976 года ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. У 1994 годзе з адзнакай скончыў СШ № 4 горада Кобрына і паступіў на вучобу ў Мінскую духоўную семінарыю.
Як лепшы выпускнік курса семінарыі (бакалаўр багаслоўя, дыплом з адзнакай) у 1999 годзе быў накіраваны на вучобу ў Афінскім універсітэце (Грэцыя).
Пасля заканчэння факультэта тэалогіі прайшоў паслядыпломнае навучанне на кафедры параўнальнага багаслоўя Афінскага ўніверсітэта (2004-2006) і спецыялізацыю па кананічным праве ў Інстытуце праваслаўнага багаслоўя ў Шамбезі, Швейцарыя (2005-2007).
Па вяртанні ў Беларусь у 2008 годзе прызначаны выкладчыкам і дзяжурным памочнікам інспектара Мінскай духоўнай семінарыі.
У 2008-2010 гадах навучаўся ў Мінскай духоўнай акадэміі, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя за дысертацыю: «Аналіз філасофскай персаналізацыі ў багаслоўі мітрапаліта Іаана (Зізіуласа)».
Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам (Вахрамеевым), Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, 16 кастрычніка 2011 года быў рукапаложаны ў сан дыякана, а 12 лютага 2012 года — у сан іерэя.
У сакавіку 2012 года паступіў у клір Бабруйскай епархіі, з пакіданнем на пасадзе выкладчыка асноўнага багаслоўя і візанталогіі Мінскай духоўнай семінарыі.
Рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы 16 ліпеня 2013 года прызначаны на пасаду прадстаўніка Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі пры Патрыярху Александрыйскім і ўсяе Афрыкі (Каір, Егіпет).
У 2019-2021 гадах быў настаяцелем парафіі Рускай Праваслаўнай Царквы ў Каіры.
Жанаты.
Свабодна валодае англійскай, грэчаскай і французскай мовамі, мае пачатковы ўзровень ведаў арабскай і нямецкай моў.
У цяперашні час працуе над доктарскай дысертацыяй ў Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых Кірыла і Мяфодзія (Масква).
1 ліпеня 2021 года прыняты ў клір Мінскай епархіі і прызначаны святаром храма свяціцеля Кірыла Тураўскага горада Мінска і выкладчыкам Мінскай духоўнай акадэміі.