Невідушчыя слухачы прайшлі навучанне ў Інстытуце тэалогіі БДУ
20 мая 2017Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпершыню былі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі з удзелам невідушчых слухачоў.
Слухачамі курсаў сталі валанцёры храма ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску. У склад групы ўвайшлі пяць невідушчых валанцёраў.
Праграма курсаў, якія прайшлі з 15 па 19 мая, была вельмі насычанай і складалася з трох тэматычных блокаў.
Блок «Культурныя традыцыі беларускага народа» асвятляе аспекты культуры, звязаныя з гісторыяй Беларусі і дзейнасцю ключавых асоб: Францыска Скарыны, Георгія Каніскага, Афанасія Брэсцкага і іншых. Блок «Духоўныя традыцыі Праваслаўя, хрысціянская этыка» раскрывае таямніцы хрысціянскай антрапалогіі, паведамляе асновы хрысціянскай педагогікі і знаёміць слухачоў з феноменам святасці ў Праваслаўнай Царкве. Заключны блок «Захаванне традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа» знаёміць слухачоў з нетрадыцыйнай рэлігійнасцю і сектанцтвам, вопытам Праваслаўнай Царквы ў працы па захаванню сям'і і ўмацаванню традыцыйных каштоўнасцяў у грамадстве.
Настаяцель храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі іерэй Дзімітрый Ворса адзначыў:
— Неабходнасць навучання прыходскіх валанцёраў была выкліканая тым, што прыход акармляе невідушчых прыхаджан, а інваліды, як правіла, адчуваюць вялікі дэфіцыт зносін і шмат інфармацыі атрымліваюць ад валанцёраў. Таму валанцёр павінен валодаць пэўнымі ведамі ў пытаннях праваслаўнага веравучэння і гісторыі Праваслаўнай Царквы. Калі сам валанцёр з'яўляецца невідушчым, ён можа больш дапамагчы невідушчаму, таму што сам знаходзіцца ў такой жа жыццёвай сітуацыі.
Лекцыі для невідушчых прачыталі: доктар багаслоўя, загадчык кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі протаіерэй Уладзімір Башкіраў; кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі протаіерэй Сергій Гардун; старшыня Сінадальнай камісіі па пытаннях сям'і, мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк; кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Аляксандр Раманчук; доктар тэалогіі, кандыдат сацыялагічных навук, старшы выкладчык кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі Уладзімір Аляксандравіч Марціновіч; доктар гістарычных навук, прафесар кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі Аляксандр Юр'евіч Бендзін; кандыдат гістарычных навук, дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Валянціна Анатольеўна Цяплова і іншыя.
Падрабязную інфармацыю аб усіх праведзеных курсах павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ можна атрымаць на сайце Інстытута.