Новая нядзельная школа адкрылася ў Чавусах

19 верасня 2018

top.jpg

У Чавусах нядзельны дзень 16 верасня 2018 года быў адзначаны радаснай для гараджан падзеяй. Адбылося адкрыццё новай нядзельнай школы пры Узнясенскім храме.

На цырымоніі адкрыцця нядзельнай школы прысутнічалі: старшыня Чавускага райвыканкама Сяргей Драздоўскі, клірыкі Узнясенскага храма, прыхаджане, выхаванцы школы і іх бацькі.

Здзейсніўшы малебен на пачатак добрай справы, з адкрыццём нядзельнай школы прысутных павіншаваў благачынны чавускай акругі Магілёўскай епархіі протаіерэй Мікалай Змушка. Ён адзначыў, што для дзяцей вельмі важна далучэнне да Праваслаўнай веры. Духоўна-маральныя каштоўнасці, якія прывівае Царква, дапамогуць правільнаму фарміраванню светапогляду і станаўленню іх асоб.

Старшыня райвыканкама у прывітальным слове сказаў, што ў адкрыцці школы прымалі ўдзел многія жыхары раёна, паколькі маральнае і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення — гэта важная і патрэбная справа.

— Дзеці — гэта наша будучыня, і робячы ўсё магчымае для развіцця іх асоб, мы клапоцімся аб заўтрашнім дні, — падкрэсліў Сяргей Аляксандравіч.

Свяшчэннік Валерый Сімончык, які прыбыў з Магілёва, перадаў жыхарам Чавус благаславенне і віншаванне архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія.

Памочнік Чавускага благачыннага іерэй Мікалай Ляшкевіч падзякаваў кіраўніцтву раёна і ўсім жыхарам, якія ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні школы, з Божай дапамогай адкрытай для абучэння дзяцей і дарослых асновам праваслаўнай веры і культуры.

Айцец Мікалай запрасіў усіх прысутных у новае памяшканне нядзельнай школы, уладкаванае ў ніжнім ярусе храма. Там дзяцей чакаў сюрпрыз — для іх быў падрыхтаваны салодкі пачастунак, да якога яны прыступілі пасля сумеснай малітвы. Затым адбылося знаёмства з педагогамі, якія распавялі аб раскладзе заняткаў у нядзельнай школе. Дзецям трэба будзе вывучаць прадметы «Асновы праваслаўнай веры», «Асновы хрысціянскай маральнасці», «Царкоўныя спевы» і «Творчасць». Работа будзе праходзіць у дзвюх узроставых групах: 6-12 гадоў і 13-16 гадоў, якія будуць сфарміраваныя пасля складання канчатковых спісаў, бо не выключана, што ў найбліжэйшы час і іншыя рабяты далучацца да выхаванцаў школы.

Магілёўская епархія / Church.by