Зварот мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, да беларускага народа напярэдадні выбараў Кіраўніка Дзяржавы
09 жніўня 2020Дарагія браты і сёстры!
Звяртаюся да вас у гэты лёсавызначальны для Беларусі час усенароднага выбару Кіраўніка Дзяржавы.
Кожны з нас у гэтыя дні заклікаецца да асаблівай адказнасці за будучыню нашай Айчыны. Папярэднія пакаленні абаронцаў і стваральнікаў нашай краіны завяшчалі нам любіць Белую Русь, працаваць дзеля яе дабра і росквіту, даражыць яе свабодай і незалежнасцю. Мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў гэтую выдатную зямлю, і наша задача — не толькі захаваць яе, але упрыгожыць, умацаваць, угрунтаваць і перадаць яе нашчадкам мірнай, бяспечнай, квітнеючай і шчаснай.
«Здабуць дух мірны, і тысячы спасуцца вакол цябе» — настаўляе нас з глыбіні стагоддзяў прападобны Серафім Сароўскі. Шчыра перакананы ў вечнай актуальнасці гэтых слоў святога падзвіжніка і ў цяперашні час. Мірны дух і мірны настрой душы, якія кожнаму з нас належыць выхаваць у сваім сэрцы, здольныя даць імпульс маральнаму ператварэнню ўсяго грамадства і стаць залогам і цвёрдай асновай далейшага паспяховага развіцця нашай Айчыны.
Мільёны сэрцаў, скіраваных да міру, згоды, дабра, справядлівасці, творчасці, адзінства, — вось якім мы спадзяемся бачыць Богам сцеражоны беларускі народ.
Напярэдадні выбараў Кіраўніка Дзяржавы — важнай дзяржаўнай палітычнай падзеі, — прыкметна абвастрылася грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне. У сувязі з гэтым, Беларуская Праваслаўная Царква заклікае ўсіх грамадзян краіны, носьбітаў розных поглядаў, да згоды, дыялогу і ўзаемнай павагі, нагадвае пра важнасць захавання міру, спакою і разважлівасці.
Звяртаючыся да ўсіх жыхароў Беларусі, заклікаю ўсіх Вас, дарагія браты і сёстры, не паддавацца правакацыйным заклікам і не ўступаць на шлях гвалту, супрацьстаяння і парушэння законнага правапарадку.
Кожны чалавек у нашай краіне, які дасягнуў сталага ўзросту, мае права зрабіць свой канстытуцыйны свабодны выбар, але гэтым правам варта скарыстацца не на барыкадах і мітынгах, а на выбарчых участках, якія прадугледжаны і арганізаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Усіх праваслаўных хрысціян прашу шчыра маліцца Богу ў гэты адказны час і, выконваючы евангельскія запаведзі, пазбягаць граху, захоўваць цвярозы розум і ва ўсім кіравацца любоўю да Бога, Бацькаўшчыны і бліжніх.
2 жніўня гэтага года ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы мы будзем здзяйсняць асаблівыя малітвы Госпаду Богу за беларускі народ. Заклікаю ўсіх неабыякавых людзей наведаць у гэты дзень храмы Божыя і далучыцца да агульнай малітвы.
Малітоўным заступніцтвам Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і ўсіх святых, у зямлі Беларускай праслаўленых, няхай дапаможа нам Гасподзь абраць жыццё для сябе і будучых нашчадкаў нашай Айчыны!
З любоўю ў Хрысце
+ Павел,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
31 ліпеня 2020 года
горад Мінск