Зварот мітрапаліта Веніяміна да верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы напярэдадні Вялікага посту

12 сакавіка 2021

32-DSC06051.jpg

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Зварот

да верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы

напярэдадні Вялікага посту

«Сапраўдны пост склікае нас на пакаянне: звярнемся з любоўю і зразумеем, чым ёсць дар ўстрымання».

Песня 6-ая канона ўтрані ў сераду сырнай сядміцы

Дарагія браты і сёстры!

Набліжаецца благадатны час Вялікага посту, час асаблівай духоўнай дзейнасці, які, згодна з царкоўнай традыцыяй, спрадвеку папярэднічае самаму галоўнаму святу — Святой Пасцы, Светламу Хрыстову Уваскрасенню.

Падрыхтоўка да Вялікага посту Царква пачынае загадзя. У гэты падрыхтоўчы перыяд варта больш уважліва зірнуць не толькі на вонкавы бок свайго жыцця, але і прыслухацца да голасу сумлення, каб вызначыць тую ступень посту паводле працы і стану здароўя, якая паслужыць добрым пачаткам і прывядзе да сур'ёзнай працы над сабой. Ніхто акрамя самога чалавека лепш не ведае, які недахоп трэба выправіць, з якім грахом змагацца, якую добрую якасць набыць. Каб паступіць і пабожна, і разважліва, пажадана, па магчымасці, параіцца са святаром.

Прыступаючы да посту ўпершыню, не варта бянтэжыцца з-за цяжкасці выканаць яго строгія прадпісанні: Гасподзь вітае нават само жаданне навучыцца пасціцца. «Хто можа зразумець, няхай зразумее» (Мф. 19:12) — кажа Спасіцель свету. Як усякая вялікая справа складаецца з больш малых, так і да строгасці паста будзем падыходзіць паступова, робячы шлях да яго паэтапным і адказным.

Пост называюць лекамі для душы і цела, аднак, як і ўсякімі лекамі, ім варта карыстацца разважліва. Абмежаванні ў ежы — усяго толькі падсобныя сродкі, якія дапамагаюць нам у вялікапосныя дні развіваць свае добрыя душэўныя якасці, пераадольваючы недахопы, удасканальвацца ў малітве і справах любові. Таму заклікаю старацца пасціцца ў меру сваіх сіл. Ежы ўжываць у дастатковай колькасці, каб выконваць свае абавязкі ў сям'і, на працы, у вучобе, каб цела заставалася памочнікам душы. Абмежаванні ў ежы не павінны прыводзіць да расслабленасці, маркоты і бяздзейнасці. Але нават тым, хто слабы целам, пад сілу ў чымсьці сябе абмежаваць, адмовіцца ад задавальненняў, празмернасцяў, забаў, праяўляць устрыманне ад лішніх слоў, стрымліваць негатыўныя эмоцыі — і гэта таксама істотны складнік посту.

Не выпадкова Вялікі пост папярэднічае Даравальнай нядзелі, як напамін хрысціянам аб неабходнасці ўступаць на ніву духоўнага подзвігу, папрасіўшы перш прабачэння і прымірыўшыся з блізкімі. Прабачэнне — адна з умоў хрысціянскага жыцця. Толькі вызваляючыся ад грузу крыўд, душа зможа імкнуцца да Бога, Які сказаў: «Бо калі вы будзеце дарава́ць лю́дзям правíннасці іх, то дару́е і вам Айцец ваш Нябесны. А калі не будзеце дарава́ць лю́дзям правíннасцей іх, то і Айцец ваш не дару́е вам правíннасцей вашых» (Мф. 6:14-15).

Ва ўменні дараваць і прасіць прабачэння праяўляецца не слабасць, а сіла чалавечай душы. Просячы прабачэння, мы адначасова прызнаем сваю віну і адпускаем віну свайму бліжняму. З гэтага пачынаецца наша ачышчэнне, з гэтага пачынаецца і ўваходжанне ў Вялікі пост. Хай наша «прабач мяне», сказанае ў Даравальную нядзелю або напярэдадні, а пры неабходнасці і ў наступныя дні, стане сведчаннем перш за ўсё самім сабе пра шчырае жаданне змяніцца, пакінуць грахі і крыўды на шляху ўдасканалення, да Хрыста, да жыцця паводле Яго святых запаведзяў.

Як птушка без крылаў не можа лётаць, так, паводле слова свяціцеля Іаана Залатавуста «Пост не можа праходзіць без двух сваіх крылаў — малітвы і міласціны».

Таму заклікаю ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы да засяроджанай малітвы, больш дбайнага стаўлення да царкоўнага набажэнства, абавязковага ўдзелу ў таінствах споведзі і прычашчэння, удумлівага чытання Свяшчэннага Пісання, памнажэнню добрых спраў і засяроджанасці на ўнутранай працы над сабой, да ўвагі да сваіх слоў і думак.

Жадаю ўсім моцы сіл духоўных і цялесных, стараннасці і рашучасці папрацаваць, чысцячы храм душы Сваёй для Духа Святога, каб праз наша агульнае імкненне ў дні Вялікага посту да асабістага ўдасканалення кожнаму ўнесці свой уклад ва ўмацаванне міру і згоды грамадства, яго духоўна-маральнай змены.

З благаславеннем

 

+ ВЕНІЯМІН,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі