Зварот Свяцейшага Патрыярха Кірыла з нагоды Дня цвярозасці
11 верасня 2018Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выступіў са зваротам з нагоды Дня цвярозасці, які адзначаецца 11 верасня.
Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!
Сёння мы чулі евангельскае апавяданне пра тое, як Прарок Божы, пра якога Сам Спасіцель кажа «сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Іаана Хрысцíцеля» (Мф. 11:11), Прадцеча і Хрысціцель Гасподні Іаан быў ссечаны мячом. Гэта злачынства здзейснілася на баляванні, падчас хмельнай весялосці, калі ап'янёны віном і скокамі дачкі Ірадыяды цар Ірад лёгка і бяздумна аддаў загад пакараць смерцю мужа праведнага і святога (Мк. 6: 20). У напамін пра тое, да якіх страшных наступстваў прыводзіць празмернае ўжыванне алкаголю, быў усталяваны строгі пост, а пасля і Дзень цвярозасці.
Царква нястомна нагадвае сваім дзецям пра тое, што кожны чалавек закліканы да святасці, да вырошчвання сваёй душы для Царства Нябеснага, да духоўнай радасці. Гэтая радасць дасягаецца жыццём па праўдзе Божай, выкананнем запаведзяў і справамі міласэрнасці. Гэта дасканалая радасць (Ін. 15: 11), і яе немагчыма адабраць у чалавека (Ін. 16: 22).
На жаль, нярэдка людзі абіраюць фальшывыя задавальненні, якія апынаюцца горам не толькі для іх, але і для іх блізкіх. Многія нашы суайчыннікі ў пошуках імгненных асалод трапляюць у алкагольную ці іншую залежнасць, гінучы і душой, і целам.
Прыемна, што сёння ў многіх епархіях адкрываюцца рэабілітацыйныя і кансультацыйныя цэнтры, дзейнічаюць брацтвы і суполкі цвярозасці, праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы алкагалізму і папулярызацыі ідэй цвярозага ладу жыцця. Тым не менш працы яшчэ вельмі шмат. Толькі на ўліку ў наркалагічных установах стаіць больш за паўтары мільёнаў расіян, і каб дапамагчы людзям, якія трапілі ў залежнасць, вярнуцца да паўнавартаснага і цвярозага жыцця, неабходна працягваць гэтую працу, у тым ліку ва ўзаемадзеянні як з дзяржаўнымі, так і грамадскімі арганізацыямі.
Малітвамі Хрысціцеля Спасава Іаана няхай пашле нам Усяміласцівы Гасподзь сваю шчодрую дапамогу, каб мы, а паводле нашага прыкладу і нашы блізкія, праводзілі ўстрыманае жыццё ў цвярозасці душэўнай і цялеснай.
+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ