Зварот Патрыярха Кірыла з нагоды Дня цвярозасці
11 верасня 2019Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выступіў са зваротам з нагоды Дня цвярозасці, які адзначаецца 11 верасня.
Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!
Цяпер, у свята Усекнавення галавы Хрысціцеля Гасподняга Іаана, калі ўставам прадпісаны строгі пост, Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы вызначыў адзначаць Дзень цвярозасці. Гэтая дата была абрана ў напамін аб асаблівай духоўнай значнасці цвярозага ладу жыцця і аб трагічных наступствах злоўжывання алкаголем.
Свяціцель Іаан Залатавуст папярэджвае нас, што не віно кепскае, але нястрыманасць заганная; віно ёсць дар Божы, а празмернасць — вынаходніцтва д'ябла (Размова аб мучаніках). Пацверджанне правасці гэтых слоў — падзея, якая ўспамінаецца цяпер, калі на балі ў гонар дня свайго нараджэння цар Ірад, свядомасць якога была зацямнёна хмельнымі напоямі, праігнараваў агульнанароднае шанаванне Іаана Хрысціцеля, забыўся пра павагу, якую сам адчуваў да гэтага праведніка, і аддаў шалёны загад адсекчы галаву мужу, вялікаму перад Госпадам (Лк. 1:15).
Царква заклікае кожнага хрысціяніна з'яўляцца прыкладам устрымання і ўмеранасці. Прыемна адзначыць, што за апошнія гады ўсё больш людзей адмаўляюцца ад шкодных звычак і згубных схільнасцяў, абіраюць цвярозы лад жыцця. Колькасць епархіяльных і парафіяльных арганізацый, якія дапамагаюць хварым пераадольваць алкагольную і іншыя залежнасці, значна павялічылася. Аднак, на жаль, гэтая праблема па-ранейшаму застаецца актуальнай. Таму важна і ў далейшым прыкладаць агульнацаркоўныя намаганні для яе вырашэння.
Малітвамі пачэснага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана няхай дапаможа ўсім нам Чалавекалюбец Бог праводзіць жыццё сваё ў устрыманні, з усёй набожнасцю і годнасцю (1 Цім. 2:2).
+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ