Адышоў да Госпада ганаровы настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Лагойска мітрафорны протаіерэй Уладзімір Зімніцкі

05 лютага 2021

25.jpg

4 лютага 2021 года на 89-м годзе жыцця адышоў да Госпада ганаровы настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Лагойска мітрафорны протаіерэй Уладзімір Зімніцкі.

Шмат гадоў протаіерэй Уладзімір Зімніцкі займаўся стваральнай працай — быў будаўніком, дбайным пастырам Царквы Хрыстовай.

Айцец Уладзімір нарадзіўся 25 красавіка 1932 года.

У 1976 годзе ў Мінскім храме святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага яго рукапалажылі ў дыякана, а праз тры гады — 25 сакавіка 1979 года – у іерэя. У 1982 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю.

У Лагойск айцец Уладзімір прыехаў у 1982 годзе і працягнуў пачатае яго папярэднікам — протаіерэем Уладзімірам Башкіравым — добраўпарадкаванне царквы. Запрошаныя з Сергіева Пасада мастакі зрабілі ўнікальны для Беларусі роспіс. Алтар распісаны на тэму Святой Еўхарыстыі, а на сценах адлюстраваны карціны Апакаліпсісу. Сярод малюнкаў святых — абліччы тых, хто праславіўся на зямлі Беларускай.

Доўгі час протаіерэй Уладзімір Зімніцкі узначальваў Лагойскае благачынне, якое павялічвалася новымі храмамі і прыходамі.

За дбайнае служэнне Богу і людзям настаяцель узнагароджаны ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені, ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага I ступені, ордэнам святой Еўфрасінні Полацкай, правам ажыццяўляць богаслужэнне ў мітры, граматамі і падзякамі правячых архіерэяў.

Барысаўская епархія / Church.by