Агучана праграма ўрачыстасцяў, прысвечаных 1025-годдзю ўтварэння Полацкай епархіі
11 кастрычніка 20179 кастрычніка ў Полацкім епархіяльным упраўленні адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды ўрачыстасцяў, прысвечаных 1025-годдзю ўтварэння Полацкай епархіі. Сустрэчу з журналістамі правёў архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
Сваіх прадстаўнікоў на прэс-канферэнцыю накіравалі: рэдакцыя абласной газеты «Витебские вести»; рэдакцыя аб'яднанай газеты «Полацкі веснік», праграм радыёвяшчання «Полацкае гарадское радыё», «Полацкае раённае радыё»; абласная тэлекампанія «Скіф-Полацк», рэдакцыя тэлепраграмы «Вектар ТБ» горада Наваполацка, рэдакцыя гарадской газеты «Наваполацк сёння», рэдакцыя газеты «Дзвінская праўда» Верхнядзвінскага раёна, рэдакцыя раённай газеты «Міёрскія навіны», рэдакцыя газеты «Браслаўская звязда», рэдакцыя раённай газеты «Кліч Радзімы» і праграмы радыёвяшчання Шаркаўшчынскага раёна, рэдакцыя раённай газеты «Веснік Глыбоччыны», рэдакцыя газеты «Родныя вытокі» і праграмы радыёвяшчання Докшыцкага раёна, рэдакцыя газеты «Патрыёт» Ушацкага раёна.
У звароце да журналістаў архіепіскап Феадосій адзначыў, што 2017 год багаты на юбілеі, згадаўшы 1155-годдзе горада Полацка і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
На прэс-канферэнцыі была агучана праграма юбілейных урачыстасцяў. Святкаванне юбілею пачалося з прыбыццём у Полацк двух мясцовашанаваных святынь Полацкай епархіі — іконы Божай Маці «Адзігітрыя-Дзісненская» і каўчэга з пачэснай правіцай свяшчэннамучаніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага. З 28 верасня святыні знаходзяцца ў кафедральным Богаяўленскім саборы. З 16 па 25 кастрычніка на тэрыторыі Полацкай епархіі пройдзе хрэсны ход са святынямі, чакаюцца прыпынкі ў гарадах і раённых цэнтрах.
На 26 кастрычніка ў Сафійскім саборы запланавана гашэнне паштовага блока, прысвечанага 1025-годдзю ўтварэння Полацкай епархіі.
2-3 лістапада ў Полацку пройдуць XVI Рэспубліканскія Свята-Еўфрасінеўскія педагагічныя чытанні.
10 лістапада ў Сафійскім саборы Полацка адбудзецца саборная архіерэйская служба.
16 лістапада ў 15:00 у Гарадскім палацы культуры Полацка пачнецца ўрачысты вечар.
Да канца 2017 года адбудуцца юбілейныя духоўна-асветніцкія чытанні, канферэнцыі, сустрэчы, пройдуць канцэрты, выставы і іншыя мерапрыемствы.
У рамках юбілею епархіі святкуецца яшчэ адна дата — 5-годдзе епархіяльнага Каардынацыйнага цэнтра абароны жыцця і сямейных каштоўнасцей «ЗаРождение». Да юбілею цэнтра, свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дня маці 10 кастрычніка ў Наваполацку прайшоў канцэрт аўтара-выканаўцы Святланы Копыловай (Масква), заснавальніцы жанру «песні-прытчы». На 11 кастрычніка намечаны аналагічны канцэрт у Полацку. Прадстаўнікі Цэнтра сталі ініцыятарамі правядзення ў благачыннях Полацкай епархіі круглых сталоў «5 гадоў у руху за Нараджэнне».
Падводзячы вынікі прэс-канферэнцыі, архіепіскап Феадосій падкрэсліў, што інфармацыя, якая атрымліваецца дзякуючы СМІ, можа дапамагчы чалавеку стаць асобай, каб годна пражыць жыццё на карысць сваёй сям'і і Айчыны.
Праграма юбілейных урачыстасцяў будзе апублікавана на афіцыйным сайце Полацкай епархіі ў бліжэйшы час.