Памяць вызваліцеляў Балгарыі ўшанавалі ў Аляксандра-Неўскім храме Мінска

03 сакавіка 2017

top.jpg

Храм дабравернага князя Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках Мінска быў пабудаваны ў 1896 годзе ў памяць аб перамозе рускіх войскаў у руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў. Вайна вялася Расійскай імперыяй з мэтай вызвалення народа Балгарыі ад асманскага прыгнёту. Удзел у баявых дзеяннях прымалі і беларусы. Кожны год 3 сакавіка, у Дзень вызвалення Балгарыі, у Аляксандра-Неўскім храме здзяйсняецца малітоўнае памінанне воінаў — абаронцаў братняга славянскага народа.

У гэтым годзе па традыцыі на памінальным набажэнстве прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі Ангел Ганеў, супрацоўнікі пасольства, прадстаўнікі таварыства «Беларусь — Балгарыя».

Кіраўнік балгарскай дыпламатычнай місіі, суправаджаючыя яго асобы і клірыкі храма ўсклалі вянкі да воінскіх магіл і паставілі памінальныя свечкі.

Высокіх гасцей вітаў настаяцель храма протаіерэй Мікалай Коржыч. Спадар Ангел Ганев падзякаваў духавенству за ахвярныя малітвы і добрую памяць.

Nevsky.by / Church.by

Фотарэпартаж