Патрыяршае віншаванне навучальнікам і навучэнцам духоўных школ Рускай Праваслаўнай Царквы з пачаткам навучальнага года

01 верасня 2019

top.jpg

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл павіншаваў навучальнікаў і навучэнцаў духоўных школ Рускай Праваслаўнай Царквы з пачаткам навучальнага года.

Рэктарам, выкладчыкам, настаўнікам і студэнтам духоўных навучальных устаноў

Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, паважаныя выкладчыкі і настаўнікі, дарагія студэнты, браты і сёстры!

Сардэчна віншую вас з новым навучальным годам.

Цяпер вы сабраліся ў сценах, дзе адным трэба будзе пачаць або працягнуць сваю адукацыю, іншым жа — перадаваць веды юнацтву і з цярплівасцю настаўляць яго на шлях, як кажа Пісанне, добры і прамы (1 Цар. 12:23). Асвячаючы гэты ўрачысты дзень сумеснай малітвай, вы просіце ў Прамудрага Бога дапамогі ў спасціжэнні і выкладанні розных навук, Яго настаўлення ў справе выхавання маладога пакалення.

Хацеў бы сёння даць вам выдатны лацінскі выраз, у аснове якога ляжаць словы старажытнарымскага філосафа Сенекі: «Non scholae, vitae sed discimus» (He для школы, але для жыцця мы вучымся). Заклікаю вас ніколі не забываць, што мэта знаходжання ў духоўных школах заключаецца не ў фармальным толькі праходжанні тых ці іншых прадметаў, не ў атрыманні розных дыпломаў, званняў і ступеняў. Галоўная мэта навучання — належным чынам падрыхтаваць сябе для далейшага дбайнага служэння на карысць Царквы Божай, стаць здольным кожнаму на сваім месцы пераканаўча сведчыць пра Хрыста блізкім і далёкім. Памятайце, што сёння, у эпоху інфармацыйных тэхналогій, каб годна адказваць на выклікі сучаснасці, неабходна быць усебакова развітым чалавекам, які зможа кожнаму, хто патрабуе ад вас абгрунтавання вашай надзеі, даць адказ з лагоднасцю і богабаязнасцю (1 Пят. 3:15).

Жадаю вам душэўнай і цялеснай моцы, Божага садзейнічання і шмат поспехаў на ніве духоўнай адукацыі.

Благаславенне Гасподняе няхай будзе з усімі вамі нязменна.

+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by