Патрыяршы Экзарх наведаў прыход у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна
16 жніўня 202115 жніўня 2021 года, у Нядзелю 8-ю пасля Пяцідзесятніцы, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, наведаў прыход у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна.
Уладыка Экзарх азнаёміўся з ходам будаўніцтва дома-музея, прысвечанага свяшчэннамучанніку Іаану Панкратовічу. У 1913-1934 гадах ён служыў настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы вёскі Чыжэвічы (цяпер у межах горада Салігорска). У 1934 годзе храм у Чыжэвічах закрылі, але айцец Іаан не адрокся ад свайго паклікання і ўпотай працягваў здзяйсняць розныя трэбы: асвячаў дамы сваіх прыхаджан, хрысціў нованароджаных, адпяваў памерлых. 23 жніўня 1937 года яму прад'явілі абвінавачванне ў тым, што ён «сістэматычна здзяйсняе рэлігійныя трэбы, для чаго ходзіць па вёсках і агітуе насельніцтва за адкрыццё царквы». У той жа дзень айца Іаана арыштавалі. Яго расстралялі ў Слуцку 6 кастрычніка 1937 года. Іерэй Іаан Панкратовіч быў прылічаны да ліку мясцовашанаваных святых пастановай Сінода Беларускага Экзархату ад 28 кастрычніка 1999 года, праслаўлены для агульнацаркоўнага шанавання Архіерэйскім юбілейным Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы 2000 года.
У рамках візіту мітрапаліт Веніямін таксама агледзеў царкоўна-гістарычны музей Слуцка-Салігорскай епархіі, якому 21 верасня 2021 спаўняецца 6 гадоў. Музей быў утвораны рашэннем Епархіяльнай рады ад 7 верасня 2015 года на базе духоўна-адукацыйнага цэнтра Пакроўскага прыхода вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна.
Архіпастыра суправаджалі сакратар епархіі пратаіерэй Ігар Штэпа і настаяцель прыхода іерэй Генадзь Пашкевіч.