Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у адкрыцці выстаўкі работ удзельнікаў VI Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці мітрапаліта Філарэта [+відэа]

28 верасня 2021

top.jpg

28 верасня 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы работ удзельнікаў VI Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі Беларускай», прысвечанага памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і Году народнага адзінства.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, міністр культуры Анатоль Маркевіч, старшыня Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея РБ Уладзімір Пракапцоў, саветнік-пасланнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Пётр Фралоў, кіраўнік ТАА «Рывэрсайд Дэвелапмент Лімітэд» Алег Кандрацюк, благачынны 3-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мінска протаіерэй Мікалай Коржыч і духавенства Беларускага Экзархату.

Запрошаныя госці азнаёміліся з экспазіцыяй, у якую ўвайшлі 26 партрэтаў мітрапаліта Філарэта, 14 эксплікацый з фотаматэрыяламі, якія адлюстроўваюць зямны шлях архіпастыра, і выстава яго адзенняў. Затым увазе прысутных была прадстаўлена выстаўка лепшых работ, дасланых на арганізаваны ў рамках пленэра рэспубліканскі конкурс дзіцячых малюнкаў, тэмай якога сталі гісторыя і сучаснасць Праваслаўнай Царквы ў Беларусі.

Далей адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставы. Слова было дадзена старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай, якая адзначыла высокі ўзровень прадстаўленых работ. «Для таго каб стварыць такую працу, патрэбныя не проста ўменне і талент, а яшчэ і духоўнасць, светлыя пачуцці ў душы», — сказала Наталля Качанава. Успамінаючы мітрапаліта Філарэта, яна адзначыла, што пры ўсёй яго шматграннасці ён умеў дайсці да кожнага чалавека. «Ён разумеў і любіў кожнага. Таму мы павінны прытрымлівацца запаведзяў нашага глыбокапаважанага мітрапаліта Філарэта, першага Экзарха ўсяе Беларусі» — выказала пажаданне старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ.

Затым да прысутных звярнуўся Патрыяршы Экзарх. Ён выказаў словы падзякі арганізатарам міжнароднага пленэру «Святасць зямлі Беларускай» і выстаўкі работ яго ўдзельнікаў. «Знаёмячыся з прадстаўленымі на выставе работамі, мы ўспамінаем эпізоды з жыцця мітрапаліта Філарэта, успамінаем і звяртаем увагу на яго пранікнёны позірк, жэсты, хаду, погляд, усё, што сведчыла аб высакароднасці душы, яе ўзвышанасці, і, разам з тым, глыбокім пачуцці любові, суперажывання блізкім, клопаце і ўвазе да кожнага чалавека». Па словах мітрапаліта Веніяміна, той, хто ведаў уладыку Філарэта, наведаўшы выставу, звернецца да сваіх успамінаў, а той, хто пры жыцці не сустракаўся з ім, дзякуючы прадстаўленым работам убачыць эпізоды з жыцця, пастараецца зразумець, прачуць гэтага чалавека, чалавека з вялікай літары, Героя Беларусі, чалавека святога жыцця. І гэта падстава задумацца пра тое, як шмат ён паспеў зрабіць не толькі для беларускага грамадства, але і за межамі краіны.

Патрыяршы Экзарх адзначыў, што пленэр і выстава папярэднічаюць шэрагу мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца ў памяць аб спачылым уладыку. «Складана аднаму чалавеку прайграць ва ўсёй паўнаце якасці, якія меў мітрапаліт Філарэт. Але разам мы многае можам зрабіць, і важна, каб служэнне ўладыкі працягвалася яго паслядоўнікамі — не толькі святарамі, але і духоўнымі дзецьмі», — завяршыў сваё выступленне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.

На выставе прадстаўлены работы мастакоў з Беларусі, Расіі і Малдовы. Асаблівасцямі цяперашняга пленэру стаў удзел майстроў-іканапісцаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Арганізатарамі праекта выступілі Беларуская Праваслаўная Царква, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз журналістаў, кампанія «Белінжынірынгбудінвест».

Духаўнік пленэру — протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай (Івянец), лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Куратар пленэра — Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Наведаць выставу можна будзе з 29 верасня па 10 кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Плануецца, што ў хуткім часе выстава будзе экспанавацца і ў іншых гарадах Беларусі.

 Church.by 

Фотарэпартаж