Патрыяршы Экзарх здзейсніў чын на заснаванне капліцы-помніка ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Гомельскай епархіі
01 чэрвеня 202131 мая 2021 года, у дзень памяці 30-годдзя з дня знойдзення мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага, Высокапраасвяшчэннейшы Веніямін, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў чын на заснаванне капліцы ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы саслужылі Высокапраасвяшчэннейшы Сцяфан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі і Праасвяшчэннейшы Амвросій, епіскап Светлагорскі, вікарый Гомельскай епархіі.
Пры закладцы капліцы, прысвечанай воінам-вызваліцелям, прысутнічалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Салавей Генадзь Міхайлавіч і старшыня Гомельскага гарвыканкама Кірычэнка Пётр Аляксеевіч, прадстаўнікі сілавых структур, ветэранскіх арганізацый і грамадскасці горада і вобласці, жыхары горада. У цырымоніі ўдзельнічалі знаменныя групы сілавых структур і падраздзяленняў, якія маюць царкоўны сцяг — харугву.
Патрыяршы Экзарх здзейсніў чын асвячэння закладнога каменя і закладку памятнай граматы ў капсуле ў падмурак капліцы, якая будуецца.
«Закладка капліцы — гэта знак таго, што духоўны складнік у нашым грамадстве будзе ўзмацняцца і мы з глыбокай надзеяй глядзім у будучыню, што гэта будзе прыносіць добрыя вынікі» — адзначыў у сваёй прамове архіпастыр.
Таксама Высокапраасвяшчэннейшы Веніямін здзейсніў чын асвячэння харугвы і перадаў яе прадстаўнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.
Да гэтага ў Гомелі не было ніводнага храма або капліцы, прысвечанай подзвігу воінаў-вызваліцеляў у Вялікай Айчыннай вайне. У капліцы-помніку мяркуецца ўсталяваць фарфоравы ківот з абразом святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. З заходняга боку капліцы плануецца зладзіць калумбарый (сцены з нішамі), дзе будуць захоўвацца капсулы з зямлёй з месцаў пахавання воінаў і месцаў самых значных бітваў на тэрыторыі Гомельскай вобласці з подпісамі пад браняваным шклом. У крыптавай частцы капліцы мяркуецца сабраць капсулы з зямлёй з месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў Гомельшчыны. Над уваходам у капліцу-помнік будзе зроблены надпіс «Воіну-вызваліцелю».
Гомельская епархія / Church.by