Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі здзейсніў асвячэнне бронзавай скульптурнай кампазіцыі Божай Маці ў горадзе Жодзіна [абноўлена]
17 верасня 202117 верасня 2021 года ў горадзе Жодзіна адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця скульптурнай кампазіцыі Божай Маці, якая была ўзведзена на сродкі, ахвяраваныя жыхарамі горада і арганізацыямі.
Кампазіцыя ўстаноўлена на ўездзе ў горад з боку Мінска. Яна ўключае адлітыя з бронзы пяціметровую скульптуру Божай Маці, крыж і гірлянду з ружаў.
У цырымоніі прынялі ўдзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Заблоцкі, святары, прадстаўнікі арганізацый і жыхары горада.
Патрыяршы Экзарх звярнуўся да прысутных:
«Дарагія жыхары горада Жодзіна, госці, айцы, браты і сёстры. Калі мы гаворым пра маці, мы ўспамінаем сваіх маці, успамінаем самых блізкіх і дарагіх людзей. Калі ж мы гаворым пра Маці Божую, мы ўсведамляем, што Яна Маці ўсіх хрысціян. Гэта грунтуецца на тых кранальных хвілінах жыцця Спасіцеля, калі Ён, знаходзячыся на крыжы, праяўляе клопат пра сваю Маці. Пазіраючы на Яе з Крыжа і паказваючы свайму любімаму вучню Іаану Багаслову, Ён кажа: «Вось, Маці Твая». А разам з тым, звяртаючыся да сваёй Прачыстай Маці, кажа: «Вось, сын твой». Вучыцелі царкоўныя кажуць, што гэтыя словы былі звернуты не толькі да аднаго Іаана Багаслова. Яны звернуты да ўсіх, хто з'яўляецца прыхільнікам, паслядоўнікам Хрыста, хто любіць Маці Божую. Ён Ёю усынаўляецца, удачараецца і ўжо можа разлічваць на Яе асаблівы клопат матчыны, пакроў, абарону, любоў і малітоўнае хадайніцтва. І сёння вобраз Божай Маці, які будзе зараз адкрыты, асвячаны — жывы напамін, кім з'яўляецца для нас Маці Божая, асабліва для жыхароў Жодзіна, якія пажадалі мець Яе заступніцай, адлюстраваўшы Маці Божую на гербе свайго горада. Гэта важны момант, які сімвалізуе любоў да Прачыстай, і разам з тым Яе заступніцтва. Няхай жа гэтае заступніцтва Найсвяцейшай знаходзіцца на нашай зямлі і натхняе на ўзаемную любоў да Маці Божай, да Яе Люьімага Сына, любоў да роднай зямлі, да прытрымлівання евангельскіх запаведзяў».
Затым архіпастыр здзейсніў асвячэнне скульптурнай кампазіцыі.