Патрыяршы Экзарх здзейсніў вячэрняе богаслужэнне ў Аляксандра-Неўскім кафедральным саборы горада Мар'іна Горка

03 жніўня 2021

top.jpg

3 жніўня 2021 года, напярэдадні памяці міраносіцы роўнаапостальнай Марыі Магдаліны, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, здзейсніў вячэрню з утраняй у Аляксандра-Неўскім кафедральным саборы горада Мар'іна Горка Мінскай вобласці.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар Барысаўскай епархіі, благачынны 2-й Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель храма святога дабравернага князя Дзімітрыя Данскога ў горадзе Барысаве протаіерэй Сергій Башкіраў; благачынны I Пухавіцкага благачыння, настаяцель кафедральнага сабора святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага протаіерэй Аляксандр Цалкоў; благачынны II Пухавіцкай царкоўнай акругі, настаяцель храма Ражджаства Хрыстова ў п. Дружны протаіерэй Віктар Машлякевіч; духавенства Пухавіцкай царкоўнай акругі.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор кафедральнага сабора горада Мар'іна Горка пад кіраваннем рэгента Анастасіі Цалковай.

Па заканчэнні набажэнства было здзейснена слаўленне міраносіцы роўнаапостальнай Марыі Магдаліне, пасля чаго ўладыка Веніямін звярнуўся да прысутных са словам павучання.

Па заканчэнні богаслужэння, зважаючы на руплівую працу ў славу Царквы Хрыстовай, архіпастыр уручыў ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага II ступені Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама павіншаваў з 70-годдзем протаіерэя Аляксандра Цалкова.

У віншавальным адрасе мітрапаліт Веніямін адзначыў: «Царква ... ёсць Цела Хрыстова (Кал. 1:18) — і той, каму яно даверана, павінен утрымліваць яго ў дабрабыце і найвышэйшай прыгажосці, — кажа вялікі свяціцель і вучыцель Царквы Іаан Залатавуст.

У Вашым абліччы Гасподзь паслаў на ніву Сваю сапраўднага працаўніка, які аддае поўныя дзесяць талантаў, памнажаючы іх сваёй працай і служэннем Царкве Хрыстовай. Для многіх сваіх прыхаджан Вы сталі прыкладам добрага пастыра, пабожнага і ўважлівага духоўнага айца.

Усяшчодры Гасподзь няхай даруе Вам Сваю дапамогу ў далейшым служэнні на славу Царквы Хрыстовай, каб Вы заставаліся ва ўсіх жыццёвых абставінах прыкладам добрага пастыра і прапаведніка Евангелля Хрыстовага.

Жадаю Вам і ўсім вашым блізкім добрага здароўя і благадатнай радасці. Няхай не вычэрпваецца Ваша любоў і дбайнасць да добраўпарадкавання і прыгажосці царкоўнай, а разам з гадамі памнажаецца вопыт духоўны і пастырская мудрасць».

У сваім зваротным слове протаіерэй Аляксандр Цалкоў цёпла падзякаваў уладыку за сумесную малітву і архіпастырскі візіт і на памяць паднёс ікону міраносіцы роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

Таксама айца Аляксандра з юбілеем павіншавала духавенства і паства Пухавіцкіх благачынняў.

У завяршэнне мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падаў усім архіпастырскае благаславенне.

Барысаўская епархія/Church.by

Фотарэпартаж