Патрыяршы Экзарх узначаліў цырымонію адкрыцця выстаўкі «Венцаносная сям'я. Шлях любові» ва Усіхсвяцкім храме сталіцы

19 студзеня 2018

top.jpg

17 студзеня 2018 года ў храме-помніку ў гонар Усіх святых у горадзе Мінску адкрылася выстаўка «Венцаносная сям'я. Шлях любві», прысвечаная жыццю і подзвігу святых царскіх страстацерпцаў: імператара Мікалая II, імператрыцы Аляксандры, цэсарэвіча Аляксея, вялікіх князёўн Вольгі, Таццяны, Марыі і Анастасіі.

Цырымонію адкрыцця выстаўкі ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел: настаяцель Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны, прадстаўнікі Царквы, дзяржавы і грамадскасці.

Адкрываючы выстаўку, Патрыяршы Экзарх адзначыў, што гісторыя царскай сям'і — прыклад стойкасці, адданасці сваёй Айчыне, Богу, Царкве, любві да людзей, пакоры, міласэрнасці. У найцяжэшы час завяршаў сваё служэнне імператар Мікалай ІІ. Яго словы, запісаныя ў уласным дзённіку 2 сакавіка 1917 года — «Вакол здрада, баязлівасць і падман», павінны быць перасцярогай і для нас, жыхароў 21-га стагоддзя. Да чаго можа дайсці грамадства, калі гэтыя страсці будуць жыць у нашых сэрцах?

Выстаўка «Венцаносная сям'я. Шлях любві» налічвае больш за 200 экспанатаў. Сярод іх — фатаграфіі з асабістых фотаальбомаў Раманавых, матэрыялы са збораў прыходаў Фёдараўскага Гасударава і Сафійскага сабораў Царскага Сяла ў Санкт-Пецярбургу, краязнаўчых музеяў гарадоў Магілёва і Златавуста, збору масквіча Генадзя Малафеева, які ў свой час стварыў па блаславенню Свяцейшага Патрыярха Аляксія II фотаальбом «Венцаносная сям'я». Асноўная ідэя выстаўкі — паказаць высокі прыклад хрысціянскай сям'і, жыццё, напоўненае верай, любоўю і служэннем народу.

Створаная некалькі гадоў таму назад у Магілёўскай епархіі, выстаўка «Венцаносная сям'я. Шлях любві» экспанавалася ў розных гарадах Расіі і Беларусі. Дзякуючы гэтаму тысячы людзей змаглі даведацца больш пра жыццё сямейства імператара Мікалая II.

Ва Усіхсвяцкім прыходзе выстаўка будзе працаваць да 28 лютага.

Фота: «Минск-Новости»

Church.by