Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў урачыстасці з нагоды 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ
12 лістапада 202412 лістапада 2024 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска з нагоды 20-годдзя заснавання Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Яго Высокапраасвяшчэнству саслужыў епіскап Нясвіжскі Аўксенцій, вікарый Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, старшыня Сінадальнай камісіі па каардынацыі дзейнасці духоўных навучальных устаноў Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Архіпастырам саслужылі: рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў); настаяцель сабора Архангела Міхаіла ў Рэспубліцы Сербскай (Боснія і Герцагавіна) архімандрыт Варнава (Дам'янавіч); першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Канстанцін Ізафатаў; в. а. настаяцеля прыхода храма апостала Андрэя Першазванага горада Мінска протаіерэй Мікалай Балахоўскі; старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па культуры і царкоўным мастацтве, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэй Іаан Задарожын; старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Раман Арцёмаў; старшыня Узнагароднай камісіі Беларускага Экзархату, старшыня прыходскай рады Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска іерэй Дыянісій Кавалёў; першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Маўсесян; старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла іерэй Святаслаў Рагальскі; клірыкі сабора, выкладчыкі і выпускнікі Інстытута тэалогіі ў свяшчэнным сане.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора пад кіраваннем Віталя Сабалеўскага.
На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, выкладчыкі, студэнты і выпускнікі навучальнай установы.
На патроенай екценні былі ўзнесены падзячныя прашэнні.
Пропаведзь перад прычашчэннем прамовіў іерэй Раман Арцёмаў.
Пасля заамвоннай малітвы была здзейснена памінальная ліція аб першым рэктары Інстытута тэалогіі мітрапаліце Філарэце (Вахрамееве), першым Патрыяршым Экзарху ўсяе Беларусі, і аб усіх спачылых выкладчыках, супрацоўніках і выпускніках установы.
Пасля чаго прысутныя ўсклалі кветкі да помніка Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), размешчанага на Саборнай плошчы перад Свята-Духавым кафедральным саборам.
На заканчэнне Мітрапаліт Веніямін звярнуўся да ўсіх прысутных са словам віншаванняў з нагоды 20-годдзя заснавання Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Архіпастыр падкрэсліў асаблівае прызначэнне навучальнай установы, якая заклікана адукоўваць людзей. «Будучыя тэолагі і багасловы павінны дапамагчы сучаснаму чалавеку адкрываць цвёрды падмурак нашай веры, набыць апору ў жыцці, навучыцца рабіць правільна, богаўгодна і праз гэта мець мір у душы і ісці шляхам спасення. Сённяшняя Бажэственная Літургія — гэта пачатак нашых мерапрыемстваў, прымеркаваных да знамянальнай даты».
Святкаванне працягнулася на ўрачыстым пасяджэнні Рады Інстытута тэалогіі. Выкладчыкі і супрацоўнікі факультэта будуць удастоены ўзнагарод Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта за добрасумленную працу, шматгадовую навукова-педагагічную дзейнасць і вялікі ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў.
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 20-годдзю заснавання Інстытута тэалогіі, 13 лістапада адбудзецца навукова-практычны семінар «Прызнанне тэалогіі як навуковай спецыяльнасці ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы і перспектывы». На ім эксперты Беларусі і Расіі прадставяць даследаванні на тэмы замацавання тэалогіі ў навуковым полі, развіцця гэтага кірунку ў адукацыйнай дзейнасці, падзеляцца ўжо наяўным вопытам работы.
З 29 лістапада па 1 снежня пройдзе XIII Міжнародная студэнцкая навуковая канферэнцыя «Хрысціянскія каштоўнасці ў культуры сучаснай моладзі». На навуковым мерапрыемстве ўзнімуць пытанні ўплыву хрысціянскага светапогляду на маладое пакаленне і іх значэння ў фарміраванні асобасных якасцяў чалавека.
***
Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла быў створаны па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы. У склад БДУ ўстанова ўвайшла ў 2004 годзе. Рэктарам інстытута з 2020 года з'яўляецца Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У цяперашні час тут ажыццяўляецца падрыхтоўка студэнтаў па спецыяльнасці «Тэалогія» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэолаг-рэлігіязнаўца. Выкладчык сацыяльна-гуманітарных дысцыплін» і магістрантаў па спецыяльнасці «Тэалогія».
У Інстытуце дзейнічаюць маладзёжнае аб'яднанне «ІХЦІС», дыскусійны багаслоўска-філасофскі клуб «Эйдас», хор, тэатр «Батлейка», кінаклуб «Рэлігія і кіно», Музей Бібліі, «Асветніцкі лекторый». Працуе мастацкая галерэя і рэалізуецца сацыяльны праект «Раўнавага».
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,