Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці з нагоды актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі
27 лістапада 201827 лістапада 2018 года, у аўторак сядміцы 27-й пасля Пяцідзесятніцы, у дзень памяці святога апостала Філіпа, адбыўся Актавы дзень Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага. Урачыстасці з нагоды Актавага дня ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Урачыстасці пачаліся з Бажэственнай літургіі ў акадэмічным храме свяціцеля Кірыла Тураўскага, якую ўзначаліў Патрыяршы Экзарх. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужыў епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі.
Архіпастырам саслужылі кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі архімандрыт Сергій (Брыч); рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў); першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі, настаяцель прыхода акадэмічнага храма свяціцеля Кірыла Тураўскага протаіерэй Уладзімір Далгаполаў; прадстаўнікі духоўных навучальных устаноў Рускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкай карпарацыі і студэнты Мінскай духоўнай дкадэміі ў свяшчэнным сане.
Богаслужэбныя спевы выканалі: мужчынскі хор Мінскай духоўнай акадэміі пад кіраваннем Людмілы Куцэлай і змешаны хор Мінскіх духоўных школ пад кіраваннем Наталлі Мядзведзь.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў першы прарэктар МінДА протаіерэй Уладзімір Далгаполаў.
За богаслужэннем мітрапаліт Павел здзейсніў хіратонію прарэктара па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі дыякана Андрэя Бабушкіна ў іерэя.
Пасля заканчэння богаслужэння мітрапаліт Павел павіншаваў рэктара МінДА архімандрыта Сергія, выкладчыкаў, навучэнцаў і гасцей з актавым днём духоўнай акадэміі і звярнуўся да ўсіх са словам настаўлення. Патрыяршы Экзарх заклікаў будучых пастыраў, натхняючыся жыццём святога апостала Філіпа, самааддана несці святло Богам адкрытых евангельскіх ісцін усім людзям, як наказаў Хрыстос Спасіцель: «хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною» (Мф. 16: 24).
Мітрапаліт Павел павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і даў усім архіпастырскае благаславенне. На малітоўную памяць вернікам былі ўручаны абразкі свяціцеля Кірыла Тураўскага.
Было абвешчана мнагалецце Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, уладам, войску і народу нашай краіны, выкладчыкам і навучэнцам Мінскай духоўнай акадэміі, ўсім прысутным і тым, хто маліўся ў храме.
Затым адбыўся ўрачысты сход з нагоды актавага дня Мінскай духоўнай акадэміі.
У прэзідыуме прысутнічалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі; архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі; протаіерэй Уладзімір Далгаполаў, першы прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі; Ала Феафанаўна Мартынава, загадчыца сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта; Андрэй Уладзіміравіч Араеў, начальнік аддзела па справах рэлігій Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Сход вёў архімандрыт Сергій (Акімаў).
Віншаванне рэктара Маскоўскай духоўнай акадэміі архіепіскапа Вярэйскага Амброзія зачытаў выкладчык МДА іерэй Аляксій Кацельнікаў. Віншаванне рэктара Санкт-Пецярбургскіх духоўных акадэміі і семінарыі епіскапа Пецяргофскага Серафіма абвясціў сакратар Вучонага савета СПбДА іераманах Нікадзім (Хмыраў). Віншаванне рэктара Кіеўскіх духоўных акадэміі і семінарыі епіскапа Белагародскага Сільвестра зачытаў выкладчык КДАіС протаіерэй Сергій Вейга. Айцец Сергій перадаў Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі прывітанне Блажэннейшага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя, ад імя прадстаяцеля Украінскай Праваслаўнай Царквы падзякаваў беларускім вернікам за малітвы аб міры ва Украіне і выказаў надзею на тое, што ніякія выпрабаванні не змогуць пахіснуць духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў.
Ад імя рэктара Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта протаіерэя Уладзіміра Вараб'ёва прысутных вітаў прарэктар па выхаваўчай працы ПСЦГУ протаіерэй Аляксій Емяльянаў. Прывітальны адрас рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя зачытаў прарэктар па навуковай рабоце МінДАіС Аляксандр Валер'евіч Слесараў. Віншаванне рэктара Віцебскай духоўнай семінарыі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя абвясціў першы прарэктар ВітДС протаіерэй Канстанцін Ізафатаў.
З прывітальнымі словамі выступілі прарэктар па вучэбнай рабоце Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Іванавіч Тураў і рэктар Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэй Іаан Задарожын.
Актыўнае супрацоўніцтва звязвае Мінскую духоўную акадэмію і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Прывітанне рэктара МГІРА Таццяны Іванаўны Мароз зачытаў першы прарэктар МГІРА Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі.
Таксама ў адрас прафесарска-выкладчыцкай карпарацыі і навучэнцаў МінДА паступіла прывітанне мітрапаліта Смаленскага і Дарагабужскага Ісідара.
Архімандрыт Сергій (Акімаў) прадставіў справаздачу аб бягучым становішчы спраў у Мінскай духоўнай акадэміі, адзначыўшы, што зараз агульная колькасць навучэнцаў складае 113 чалавек, што з'яўляецца максімальнай лічбай за ўсю гісторыю існавання акадэміі.
Актавую прамову на тэму «Сучасная тэорыя біблейскага перакладу: пастаноўка мэты, герменеўтыка, метадалогія» агучыў старшы выкладчык МінДА іерэй Міхаіл Самкоў. У лістападзе 2017 года айцец Міхаіл абараніў у Агульнацаркоўнай аспірантуры дысертацыю на аналагічную тэму. На падставе хадайніцтва кандыдацкага дысертацыйнага савета АЦАД Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам было прынята рашэнне аб прысуджэнні іерэю Міхаілу Самкову вучонай ступені кандыдата багаслоўя. Кандыдацкі дыплом айцу Міхаілу ўручыў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Дабрачынцам і студэнтам Мінскай духоўнай акадэміі былі ўручаны граматы і падзякі Патрыяршага Экзарха.
З павучальным словам да прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел. Уладыка Экзарх асабліва падкрэсліў, што кожны праваслаўны пастыр павінен быць, па слову Спасіцеля, соллю зямлі і святлом свету. Абавязак святара - не толькі ведаць веравучэнне Царквы і абвяшчаць Евангелле на словах, але, перш за ўсё, — быць жывым прыкладам выканання евангельскіх запаведзяў і стойкасці ў веры Хрыстовай.
Урачыстасці завяршыліся традыцыйным канцэртам.