Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці ў гонар Мар'інагорскай іконы Божай Маці
15 чэрвеня 202315 чэрвеня 2023 года, у дзень святкавання Мар'інагорскай іконы Божай Маці, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, кіраўнік Барысаўскай епархіі, узначаліў Бажэственную літургію ў кафедральным саборы святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мар'іна Горка.
Прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы саслужылі: архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій, епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій.
Архіпастырам саслужылі клірыкі Барысаўскай епархіі і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Мікалай Аўсіевіч.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор кафедральнага сабора пад кіраваннем Анастасіі Цалковай.
За набажэнствам маліліся ігумення жаночага манастыра ў гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова ў вёсцы Дамашаны Смалявіцкага раёна ігумення Саламія (Аўчыннікава), ігумення Ксеніеўскага жаночага манастыра вёскі Барань Барысаўскага раёна ігумення Яўпраксія (Зубава), ігумення жаночага манастыра святых жанчын-міраносіц у Бабруйску ігумення Параскева (Ельская).
На богаслужэнні таксама прысутнічалі: старшыня Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта Атрушкевіч Андрэй Міхайлавіч, старшыня Пухавіцкага раённага Савета дэпутатаў Клімовіч Марыя Уладзіміраўна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пухавіцкага райвыканкама Адамейка Алена Анатольеўна, начальнік штаба, першы намеснік камандзіра 5-й брыгады спецыяльнага прызначэння палкоўнік Быконя Дзмітрый Леанідавіч з вайскоўцамі.
Трансляцыя набажэнства вялася на афіцыйным YouTube канале Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Пасля патроенай екценні Патрыяршы Экзарх узнёс малітву аб аднаўленні міру і дараванні дажджу.
Пропаведзь перад прычасцем прамовіў настаяцель кафедральнага сабора святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мар'іна Горка іерэй Рыгор Цалкоў.
Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх, саслужаючыя архіпастыры і святары здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы.
Мітрапаліт Веніямін павіншаваў архіпастыраў, святароў і пабожных міран, якія прыбылі на ўрачыстасці, са святам і звярнуўся са словам настаўлення.
Ганаровы настаяцель сабора протаіерэй Аляксандр Цалкоў у сваю чаргу падзякаваў яго Высокапраасвяшчэнству за архіпастырскі візіт і ў памяць аб малітоўных зносінах падарыў абраз Святой Жыццепачатнай Троіцы.
Далей Патрыяршы Экзарх паднёс у дар Барысаўскай епархіі факсімільнае выданне Жыровіцкага Евангелля XVI стагоддзя.
У завяршэнне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Таін і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
***
Паводле летапісаў Навасёлкаўскай Пакроўскай царквы і Мар'інагорскай царквы Ігуменскага павета, ва ўрочышчы Мар'іна Горка спрадвеку асабліва шанавалася ікона Божай Маці. Мясцовае паданне сведчыць, што цудатворны абраз Маці Божай з'явіўся нейкаму Сідару, жыхару вёскі Лядцаў падчас цяжкай хваробы. У падзяку за ацаленне Сідар пабудаваў на гары капліцу, паставіў у ёй яўлены абраз і правёў тут у малітве ўсё астатняе жыццё. У 1812 годзе капліца была спалена атрадам напалеонаўскай арміі, але ікона засталася непашкоджанай, а воіны былі пакараны слепатой. Пасля заканчэння вайны, у 1814 годзе, на месцы згарэлай капліцы мясцовыя жыхары пабудавалі царкву, у 1854 годзе яе зноўку перабудавалі.
Наступны важны этап у гісторыі іконы звязаны з імем протаіерэя Фамы Якаўлевіча Русецкага. У 1859 годзе ён быў прызначаны настаяцелем Навасёлкаўскай парафіі, да якой адносіўся таксама прыпісны храм ва ўрочышчы Мар'іна Горка. Менавіта Фаму Русецкаму належыць ідэя будаўніцтва новага каменнага храма ў імя святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага. Храм прызначаўся стаць захавальнікам цудатворнага Мар'інагорскага абраза і агульнанародным векавечным помнікам адмены прыгоннага права. Дзякуючы намаганням протаіерэя Фамы Русецкага да 1871 года былі завершаны асноўныя будаўнічыя работы.
Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 7 лістапада 1939 года, велічны храм у Мар'інай Горцы ўзарвалі; разбурана было і мноства іншых храмаў у Пухавіцкім благачынні. Аднак промыслам Божым за ўскраінай Мар'інай Горкі, у паселішчы Блонь, ацалела адзіная царква, дзе цудатворная ікона Божай Маці і здабыла месца свайго часовага знаходжання.
У складаны атэістычны час людзі страцілі тое, што іх продкі бераглі стагоддзямі. Шанаванне самага дарагога — сваёй мясцовай святыні — разам з верай у Бога стала згасаць у сэрцах людзей. Па святах абраз па-ранейшаму выносіўся на хрэсны ход і стаўленне да яго было асаблівае, але ніхто ўжо дакладна не памятаў, што гэта за ікона, і якая дзіўная гісторыя з ёй звязана.
Адкрыццё іконы адбылося пры наступных абставінах. У 2001 годзе ў горадзе Мар'іна Горка адбылося святкаванне 125-годдзя сельскагаспадарчага тэхнікума, заснаванага святаром Фамой Русецкім. У святкаванні прыняў удзел архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан (Корзун), які ў пачатку 1960-х гадоў вучыўся ў гэтым тэхнікуме і ўпотай наведваў Блонскі Свята-Троіцкі храм. Уладыка Сцяфан пажадаў наведаць храм свайго юнацтва і памаліцца перад Мар'інагорскім цудатворным абразом Божай Маці, пра які памятаў, што ў тыя гады ён шанаваўся разам з Жыровіцкай іконай і людзі ішлі да яго хрэснымі хадамі за 50 км, жадаючы пакланіцца Прасвятой Багародзіцы. Зайшоўшы ў царкву, архіепіскап Сцяфан пазнаў у старажытнай храмавай іконе той самы абраз Божай Маці, перад якім калісьці маліўся. З таго моманту абраз зноў пачаў шанавацца людзьмі як цудатворны і называцца «Мар'інагорскім».
8 верасня 2010 года па благаславенню Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) было здзейснена ўрачыстае перанясенне іконы ў новазбудаваны храм святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага ў Мар'інай Горцы. Так святыня вярнулася на сваё гістарычнае месца. Клірыкі Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска протаіерэй Сергій Гардун і протадыякан Мікалай Аўсіевіч склалі акафіст, велічанне, трапар, кандак і малітву Прасвятой Багародзіцы, якія і дагэтуль чытаюцца перад абразом.
Вера ў дапамогу Нябеснай Заступніцы ніколі не знікала ў навакольным насельніцтве. І ў наш час на святкаванне ў гонар цудатворнай Мар'інагорскай іконы з Мінскай вобласці і іншых месцаў Беларусі з кожным годам расце паток багамольцаў, якія жадаюць пакланіцца Прасвятой Багародзіцы. Усе, хто прыходзіць да іконы з верай і надзеяй на заступніцтва Царыцы Нябеснай, атрымліваюць благадатную дапамогу і суцяшэнне ў смутках і хваробах.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,