Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстае Велікоднае богаслужэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска

16 красавіка 2017

У ноч на 16 красавіка 2017 года, у свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў хрэсны ход, святочную Пасхальную заўтраню і Бажэственную літургію свяціцеля Іаана Златавуста ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі архімандрыт Сергій (Брыч); сакратар Мінскай епархіі протаіерэй Андрэй Волкаў і клірыкі кафедральнага сабора.

Пасхальную заўтраню і Літургію ў прамым эфіры трансляваў тэлеканал «Беларусь-1».

Богаслужэбныя спевы выканаў архіерэйскі хор пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Пасля спявання сціхір Пасхі мітрапаліт Павел прачытаў Слова агалашальнае свяціцеля Іаана Залатавуста на Святую Пасху.

Па сканчэнні  Пасхальнай заўтрані было зачытана Велікоднае пасланне Патрыяршага Экзарха на беларускай мове.

Пасля чытання Евангелля Патрыяршы Экзарх зачытаў Велікоднае пасланне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы.

Па заамвоннай малітве Патрыяршы Экзарх здзейсніў асвячэнне артаса.

Па адпусце Бажэственнай літургіі Патрыяршы Экзарх павіншаваў вернікаў са светлым святам Уваскрасення Хрыстовага і звярнуўся да ўсіх са словам настаўлення, у якім пажадаў, каб велікодная радасць заўсёды знаходзілася ў нашых сэрцах.

Мітрапаліт Павел павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн, падаў усім архіпастырскае благаславенне і, паводле старажытнай традыцыі, пахрыстосаваўся з вернікамі, уручыўшы кожнаму прыйшоўшаму ў храм адзін з сімвалаў Пасхі Хрыстовай — велікоднае яйка. 

Church.by

Фотарэпартаж