Мітрапаліт Павел звярнуўся да епіскапата, клірыкаў і міран Беларускай Праваслаўнай Царквы з просьбай узнесці малітвы аб Украінскай Праваслаўнай Царкве
18 мая 2017У сувязі з тым, што на 18 мая ў Вярхоўнай Радзе Украіны прызначаны разгляд двух антыправаслаўных законапраектаў (№ 4511 і № 4128), якія могуць абвясціць існаванне Украінскай Праваслаўнай Царквы па-за законам, а таксама стварыць юрыдычныя ўмовы, якія будуць садзейнічаць раскольнікам для захопу праваслаўных храмаў Маскоўскага Патрыярхату, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, заклікаў ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы узнесці ўзмоцненыя малітвы аб Украінскай Праваслаўнай Царкве.
У сваім звароце да ўсіх вернікаў Беларускага Экзархату ўладыка Павел, у прыватнасці, сказаў:
«Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, багалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
Мы ўжо некалькі гадоў узносім свае малітвы аб міры і спыненні міжусобнай бойкі на зямлі Украінскай. На жаль, грамадзянскае і палітычнае супрацьстаянне не магло не закрануць рэлігійнага боку жыцця ўкраінскага грамадства, і сёння мы павінны ўзмацніць свае малітвы ў сувязі з трывожнымі навінамі аб планах украінскай улады прыняць законы, якія пагражаюць не толькі інтарэсам Праваслаўнай Царквы ў Украіне, але якія ставяць пад пагрозу асноўныя прынцыпы рэлігійных правоў і свабод.
Як вядома, 18 мая парламент Украіны мае намер галасаваць за скандальныя законапраекты № 4511 і № 4128, якія здольныя нанесці сур'ёзны ўрон практычна ўсім канфесіям у Украіне. У прыватнасці, пасля прыняцця законапраекта № 4128 паўстане сітуацыя, пры якой стане магчымым хуткі і бесперашкодны захоп любой маёмасці любой рэлігійнай арганізацыі Украіны. Іншы законапраект, №4511, проста знішчыць незалежнасць Царквы ад Дзяржавы, ставячы вернікаў пад жорсткі дыктат чарговых палітычных ідэалогій. У сувязі з гэтым благаслаўляю:
18 мая 2017 года ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы узнесці ўзмоцненыя малітвы аб пакутнай Украінскай Праваслаўнай Царкве. Няхай наставіць на розум Гасподзь украінскіх дэпутатаў і ўладаносцаў ад прыняцця згубных рашэнняў, якія могуць прынесці шматмільённаму ўкраінскаму народу новыя незлічоныя бедствы і нават кровапраліцце. Няхай благаславіць Гасподзь мірам брацкі ўкраінскі народ!»