Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі звярнуўся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з плануемым прыняццем Вярхоўнай Радай Украіны антыправаслаўных законаў

18 мая 2017

top.jpgМітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, звярнуўся да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў сувязі з плануемым прыняццем Вярхоўнай Радай Украіны антыправаслаўных законаў.

Тэкст звароту

Яго Правасхадзіцельству,

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь

Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку 

Ваша Правасхадзіцельства, глыбокашаноўны Аляксандр Рыгоравіч!

Ад імя Сінода Беларускага Экзархату, духавенства і шматлікай паствы Беларускай Праваслаўнай Царквы, жыхароў нашай краіны, звяртаюся да Вас з просьбай стаць на абарону правоў і свабоды веравызнання братняга нам украінскага народа.

У парадак дня пасяджэння Вярхоўнай Рады Украіны 18 мая 2017 года ўключана вынясенне на галасаванне двух законапраектаў, прыняцце якіх можа прывесці да істотнага абвастрэння сітуацыі ў суседняй дзяржаве. Гаворка ідзе аб законапраекце № 4128 «Аб унясенні змяненняў у Закон Украіны «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», а таксама законапраекце № 4511 «Аб асаблівым статусе рэлігійных арганізацый, кіруючыя цэнтры якіх знаходзяцца ў дзяржаве, якая прызнана Вярхоўнай Радай краінай-агрэсарам».

Згаданыя законапраекты, у выпадку іх прыняцця, паслужаць падставай для беспрэцэдэнтнага ў жыцці сучаснай цывілізаванай чалавечай супольнасці прыгнёту канстытуцыйных правоў і свабод мільёнаў грамадзян Украіны, абуральнай дыскрымінацыі пераважнай большасці насельніцтва краіны па прыкмеце яе прыналежнасці да Украінскай Праваслаўнай Царквы.

Веруючым жыхарам нашай краіны вядома, што супраць прыняцця законапраектаў № 4128 і № 4511 выказаліся Галоўнае навукова-экспертнае ўпраўленне Вярхоўнай Рады Украіны, Камітэт Вярхоўнай Рады па пытаннях прадухілення і процідзеяння карупцыі, упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека В. У. Луткоўская.

Са справядлівай крытыкай і асуджэннем законапраектаў выступілі Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, генеральны сакратар Сусветнай Рады Цэркваў, пастар д-р Олаф Фюксе Твэйт, прадстаўнікі шэрагу ўкраінскіх хрысціянскіх канфесій.

Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы, духавенства і веруючыя жыхары Беларусі выказваюць сваю глыбокую занепакоенасць у сувязі з маючым адбыцца 18 мая 2017 года разглядам у Вярхоўнай Радзе Украіны законапраектаў № 4128 і № 4511.

У сувязі з вышэйпададзеным, мы пачціва звяртаемся да Вас, Кіраўніка беларускай дзяржавы, гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод яе грамадзян, з просьбай ад імя ўсіх праваслаўных жыхароў нашай краіны звярнуцца да Пятра Аляксеевіча Парашэнкі, выступіўшы ў абарону міру, справядлівасці і цвярозага розуму, у абарону канстытуцыйнага права братняга нам украінскага народа свабодна вызнаваць сваю праваслаўную веру. Калі законапраекты № 4128 і № 4511 не будуць знятыя з разгляду Вярхоўнай Рады і будуць прынятыя, гэта можа ўвесці Украіну ў хаос бяспрыкладнай грамадзянскай вайны на глебе рэлігійных ганенняў і рэпрэсій у дачыненні да Украінскага Праваслаўя.

Шчыра спадзяюся на Ваша разуменне і падтрымку.

З глыбокай і шчырай павагай ад імя веруючых грамадзян Беларусі — духавенства і паствы Беларускай Праваслаўнай Царквы

 + Павел,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

і

 Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы

 

17 мая 2017 г.

Church.by