Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прымае ўдзел у працы пленума Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы

30 студзеня 2020

top.jpg

30 студзеня 2020 года ў Зале царкоўных сабораў кафедральнага саборнага Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла адкрылася пасяджэнне пленума Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.

Пленум пачаўся з малебнага спеву, здзейсненага сакратаром Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі па горадзе Маскве протапрасвітэрам Уладзімірам Дзіваковым. Малітву прачытаў Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы.

У склад Прэзідыума пасяджэння ўвайшлі: Патрыяршы намеснік Маскоўскай епархіі мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён; кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі, першы вікарый Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі па горадзе Маскве мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій.

Свяцейшы Патрыярх Кірыл звярнуўся да членаў Міжсаборнай прысутнасці з уступным словам і абвясціў парадак дня пасяджэнняў пленума.

Яго Свяцейшасць ад імя сходу павіншаваў епіскапа Ахтубінскага і Енатаеўскага Антонія з днём тэзаімянінаў, а таксама заклікаў прысутных узнесці памінальную малітву аб раптоўна памерлым члене Міжсаборнай прысутнасці протаіерэі Усеваладзе Чапліне. Прысутныя праспявалі новаспачыламу айцу Усеваладу «Вечную памяць».

Затым у Чырвонай зале кафедральнага саборнага Храма Хрыста Збавіцеля Свяцейшы Патрыярх Кірыл узначаліў пасяджэнне прэзідыума Міжсаборнай прысутнасці Рускай Праваслаўнай Царквы.

Падчас пасяджэння адбылося абмеркаванне праекта новай рэдакцыі Палажэння аб Міжсаборнай прысутнасці. Праект прадставіў намеснік кіраўніка спраў Маскоўскай Патрыярхіі епіскап Зеленаградскі Сава. Пасля ўнясення шэрагу паправак дакумент быў зацверджаны.

Таксама адбылося абмеркаванне тэм для ўключэння ў парадак дня працы камісій Міжсаборнай прысутнасці на 2020-2022 гады. Спісы тэм былі прадстаўлены старшынямі камісій. Пасля дыскусіі і ўнясення паправак тэмы былі зацверджаны.

* * *

Міжсаборная прысутнасць — гэта дзеючы ў перыяды паміж правядзеннем Памесных і Архіерэйскіх сабораў дарадчы орган Маскоўскага Патрыярхату, у задачы якога ўваходзіць падрыхтоўка рашэнняў, якія тычацца найбольш важных пытанняў унутранага жыцця і знешняй дзейнасці Рускай Праваслаўнай Царквы. Да кампетэнцыі Міжсаборнай прысутнасці адносяцца пытанні багаслоўя, царкоўнага кіравання, царкоўнага права, богаслужэння, пастырства, місіі, духоўнай адукацыі, рэлігійнай асветы, дыяканіі, узаемаадносін Царквы і грамадства, Царквы і дзяржавы, Царквы і іншых канфесій і рэлігій. Парадак дня Міжсаборнай прысутнасці вызначае Памесны або Архіерэйскі сабор, Свяшчэнны Сінод, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by