Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе з нагоды 80-годдзя Мінскай вобласці
15 студзеня 2018Урачысты сход з нагоды 80-годдзя з дня ўтварэння Мінскай вобласці адбыўся 15 студзеня 2018 года ў Палацы Рэспублікі.
На сходзе прысутнічалі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін і епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, урада, парламента, кіраўнікі шэрагу дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, дзеячы навукі і культуры, ганаровыя грамадзяне Мінскай вобласці, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, перадавікі вытворчасці, замежныя госці з Грузіі і Малдовы.
У Палацы Рэспублікі разгарнулася выстава дасягненняў народна-гаспадарчага комплексу вобласці, у тым ліку прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў.
З вітальнай прамовай перад удзельнікамі сходу выступіў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч Ісачанка.
«Жыхароў Міншчыны заўсёды адрознівала любоў да роднай зямлі. Дзякуючы іх стваральнай і добрасумленнай працы, уменню дасягаць пастаўленых мэтаў рэгіён мяняецца з года ў год, становіцца лепш, прыгажэй і дынамічна развіваецца», — адзначыў, у прыватнасці, губернатар.
Анатоль Ісачанка цёпла павіншаваў гасцей з 80-гадовым юбілеем Мінскай вобласці, выказаўшы падзяку тым, хто ўнёс свой уклад у агульную справу яе развіцця на працягу многіх дзесяцігоддзяў.
Па завяршэнні афіцыйнай часткі сходу адбыўся канцэрт майстроў мастацтваў.
У дзень юбілею таксама адбылося ўшанаванне прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё цэнтральнага рэгіёна Беларусі. Сярод узнагароджаных — дзяржаўныя служачыя, прадстаўнікі сферы адукацыі, аховы здароўя, прамысловасці, культуры, сельскай гаспадаркі, сродкаў масавай інфармацыі.
Мінская вобласць была ўтворана 15 студзеня 1938 года. Працэс адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання вобласці быў доўгім і завяршыўся ў 1960-х гадах, калі канчаткова сфармаваліся існуючыя цяпер раёны. Цэнтральны рэгіён з'яўляецца адным з самых вялікіх у краіне па плошчы — 39,9 тыс. квадратных кіламетраў. Колькасць насельніцтва перавышае 1,42 мільёна чалавек.
Паводле матэрыялаў БелТА