Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел у пазачарговым пасяджэнні Свяшчэннага Сінода
17 кастрычніка 201917 кастрычніка 2019 года ў Патрыяршай і Сінадальнай рэзідэнцыі ў Данілавым манастыры ў Маскве Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл узначаліў пазачарговае пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы.
У пасяджэнні прынялі ўдзел пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода: мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый; мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, кіраўнік Мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату; мітрапаліт Цвярскі і Кашынскі Сава, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі, а таксама часовыя члены Сінода, запрошаныя для ўдзелу ў зімовай сесіі (верасень-люты): мітрапаліт Архангельскі і Халмагорскі Карнілій, мітрапаліт Чалябінскі і Міяскі Грыгорый, мітрапаліт Чыцінскі і Пятроўск-Забайкальскі Дзімітрый, епіскап Выбаргскі і Прыазёрскі Ігнацій, епіскап Суражскі Матфей.
Свяшчэнны Сінод прыняў заяву аб сітуацыі, якая склалася ў Эладскай Праваслаўнай Царкве пасля правядзення пазачарговага Архіерэйскага Сабора 12 кастрычніка 2019 года па ўкраінскаму царкоўнаму пытанню.
У заяве, у прыватнасці, гаворыцца: «Калі ўкраінскі раскол будзе сапраўды прызнаны Эладскай Праваслаўнай Царквой або яе Прадстаяцелем — у форме сумеснага служэння, літургічнага памінання лідара расколу або накіравання яму афіцыйных грамат — гэта стане сумным сведчаннем паглыблення падзелу ў сям'і Памесных Праваслаўных Цэркваў. Паўната адказнасці за гэты падзел ляжа, перш за ўсё, на Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея і на тыя знешнія палітычныя сілы, у інтарэсах якіх быў «легалізаваны» ўкраінскі раскол».
Канстатаваўшы, што шэраг іерархаў Эладскай Царквы выступілі супраць антыкананічнай легалізацыі ўкраінскага царкоўнага расколу, Свяшчэнны Сінод пастанавіў: «Мы даражым малітоўнымі зносінамі з нашымі сабратамі ў Эладскай Праваслаўнай Царкве і будзем захоўваць з ёй жывую малітоўную, кананічную і еўхарыстычную сувязь — праз усіх тых архіпастыраў і пастыраў, хто ўжо выступіў або ў далейшым выступіць супраць прызнання ўкраінскага расколу, хто не запляміць сябе саслужэннем з раскольніцкімі ілжэ-іерархамі, але пакажа прыклад хрысціянскай мужнасці і цвёрдага стаяння за ісціну Хрыстову. <...> Разам з тым мы памятаем, што святыя каноны Царквы асуджаюць тых, хто ўступае ў малітоўныя зносіны і саслужэнне з вывергнутымі з сану і адлучанымі ад зносін (правілы Апост. 10, 11, 12; I Усял. 5; Антыях. 2 і інш.). У сувязі з гэтым спыняем малітоўныя і Еўхарыстычныя зносіны з тымі архіерэямі Эладскай Царквы, якія ўступілі або ўступяць у такія зносіны з прадстаўнікамі ўкраінскіх некананічных раскольніцкіх супольнасцяў. Мы таксама не благаслаўляем здзяйсненне паломніцкіх паездак у епархіі, якія кіруюцца азначанымі архіерэямі».
Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы ўпаўнаважыў Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла спыніць памінанне імені Блажэннейшага архіепіскапа Афінскага і ўсёй Элады ў дыптыхах у выпадку, калі Прадстаяцель Эладскай Царквы пачне за богаслужэннямі памінаць кіраўніка адной з украінскіх раскольніцкіх груповак або распачне іншыя дзеянні, якія будуць сведчыць пра прызнанне ім Украінскага царкоўнага расколу.