Заява Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы
17 кастрычніка 201917 кастрычніка 2019 года на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы была прынята заява аб сітуацыі, якая склалася ў Эладскай Праваслаўнай Царкве пасля правядзення пазачарговага Архіерэйскага Сабора 12 кастрычніка 2019 года па ўкраінскаму царкоўнаму пытанню (журнал № 125).
Члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы азнаёміліся з апублікаванымі ў сродках масавай інфармацыі дакументамі пазачарговага сабора іерархіі Эладскай Праваслаўнай Царквы ад 12 кастрычніка 2019 года, у прыватнасці, з камюніке Сабора і з дакладам Блажэннейшага Архіепіскапа Афінскага і ўсяе Элады Іераніма «Аўтакефалія Царквы Украіны», у якім прапануецца «прызнаць... аўтакефалію Праваслаўнай Царквы незалежнай Украінскай Рэспублікі».
Паколькі ўзначаленая мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем самакіравальная Украінская Праваслаўная Царква, якая аб'ядноўвае 95 архіерэяў, больш за 12 тысяч прыходаў, больш за 250 манастыроў і дзесяткі мільёнаў вернікаў, знаходзіцца ў кананічным адзінстве з Рускай Праваслаўнай Царквой і ні да каго не звярталася за аўтакефаліяй, відавочна, што гаворка ідзе аб прызнанні раскольніцкіх супольнасцяў у гэтай краіне. Раней Канстанцінопальскі Патрыярх Варфаламей неаднаразова заяўляў аб прызнанні мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя адзіным кананічным Прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы ва Украіне (апошняя такая заява была зроблена ім голасна на Сінаксісе Прадстаяцеляў Памесных Праваслаўных Цэркваў у студзені 2016 года). Аднак у канцы 2018 года Патрыярх Варфаламей здрадзіў сваім ранейшым заявам і, не маючы на тое кананічных паўнамоцтваў, «аднавіў у сане» без пакаяння і адрачэння ад расколу тых, хто быў з яго вывергнуты, аддадзены анафеме або ніколі не меў ні кананічнай хіратоніі, ні нават фармальнай апостальскай пераемнасці. Кіраўніком новастворанай структуры стаў чалавек, які атрымаў сваё «рукапалажэнне» ад вывергнутага з сану і адлучанага ад Царквы былога мітрапаліта Кіеўскага Філарэта. Апошні быў таксама «адноўлены» ў «архіерэйскай годнасці» Канстанцінопальскім Патрыярхам, але неўзабаве пасля гэтага пакінуў новаствораную «царкву» і заявіў аб аднаўленні сваёй ранейшай раскольніцкай супольнасці, якую ён называе «Кіеўскім Патрыярхатам».
Аб цяжкім становішчы Украінскай Праваслаўнай Царквы пасля антыкананічнай легалізацыі ўкраінскага расколу Канстанцінопалем, аб гвалце і ганеннях супраць яе верных дзяцей, разгорнутых былымі ўладамі Украіны, Руская Праваслаўная Царква неаднаразова інфармавала свяшчэннаначалле Эладскай Праваслаўнай Царквы. 9 кастрычніка 2019 года — за некалькі дзён да згаданага пазачарговага Сабора іерархіі Эладскай Царквы — Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл звярнуўся да Блажэннейшага архіепіскапа Афінскага і ўсяе Элады Іераніма з брацкім пасланнем, якое ўтрымлівала заклік устрымацца ад аднабаковых дзеянняў і не прымаць «паспешных рашэнняў да таго часу, пакуль Дух Святы не збярэ Прадстаяцеляў усіх Святых Божых Цэркваў і не ўмудрыць іх сумесна ад імя ўсёй Святой Саборнай і Апостальскай Царквы знайсці рашэнне, якое ўсіх задаволіць і паслужыць пераадоленню цяперашняга крызісу».
Сумна, што неабходнасць спешнага і аднабаковага прызнання некананічнай раскольніцкай супольнасці Блажэннейшы архіепіскап Іеранім засноўвае на шэрагу памылковых і скажоных аргументаў, неаднаразова аспрэчаных не толькі іерархамі, навукоўцамі і багасловамі Рускай Праваслаўнай Царквы, але таксама многімі выдатнымі архіпастырамі, пастырамі і багасловамі Эладскай Праваслаўнай Царквы.
Не адпавядае рэчаіснасці сцверджанне Блажэннейшага Архіепіскапа Іераніма аб тым, што «Праваслаўная Царква Украіны... заўсёды заставалася ў кананічнай царкоўнай юрысдыкцыі Маці Царквы — Усяленскага Патрыярхату». У 1686 годзе граматамі Свяцейшага Патрыярха Канстанцінопальскага Дыянісія і Свяшчэннага Сінода Канстанцінопальскай Царквы Кіеўская мітраполія была перададзена ў юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату. На працягу больш за 300 гадоў кананічную юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату над Кіеўскай мітраполіяй прызнаваў увесь праваслаўны свет, у тым ліку і Эладская Праваслаўная Царква. Пры гэтым, паводле святых канонаў Царквы, спрэчкі аб тэрытарыяльнай юрысдыкцыі маюць тэрмін даўніны не больш за трыццаць гадоў (VI Усяленскі сабор, 25 правіла).
Усе гэтыя факты былі праігнараваны дзвюма камісіямі Эладскай Праваслаўнай Царквы, якім было даручана вывучэнне ўкраінскага царкоўнага пытання. У сваіх высновах дадзеныя камісіі, па словах мітрапаліта Кіфірскага і Антыкіфірскага Серафіма, «выпускаюць з-пад увагі больш чым трохсотгадовую жывую традыцыю залежнасці мітраполіі Кіеўскай і ўсяе Украіны ад Маскоўскага Патрыярхату. І гэтыя рэаліі былі адлюстраваны ва ўсіх календарах Эладскай Царквы аж да гэтага года. Магчыма, яны выпускаюць з-пад увагі і той факт, што цяперашні Усяленскі Патрыярх Варфаламей сваімі патрыяршымі лістамі 1992 і 1997 гадоў прызнаваў кананічную юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату над Кіеўскай мітраполіяй і паважаў кананічныя забароны, накладзеныя на цяпер вычышчаных і адноўленых, што раней былі вывергнутыя з сану раскольніцкіх клірыкаў».
Не адпавядае рэчаіснасці сцверджанне Блажэннейшага Архіепіскапа Іераніма, быццам «з-за адсутнасці Маскоўскага Патрыярхату» на Крыцкім саборы 2016 г. «не прадставілася магчымасць абмеркавання пытання аб прадастаўленні аўтакефаліі». У рэальнасці тэма аўтакефаліі была выключана з парадку сабора шмат раней, па патрабаванню Патрыярха Варфаламея. Цяпер становіцца відавочнай прычына гэтага. Бо на пасяджэннях Міжправаслаўнай падрыхтоўчай камісіі ў 1993 і 2009 гадах прадстаўнікамі ўсіх Памесных Праваслаўных Цэркваў быў узгоднены парадак прадастаўлення аўтакефаліі, які прадугледжвае а) згоду Памеснага Сабора кірыярхальнай Царквы-Маці на тое, каб яе частка атрымала аўтакефалію; б) выяўленне Усяленскім Патрыярхам кансенсусу ўсіх Памесных Праваслаўных Цэркваў, які выражаецца аднагалоснасцю іх Сабораў; в) на аснове згоды Царквы-Маці і ўсеправаслаўнага кансенсусу афіцыйнае абвяшчэнне аўтакефаліі з дапамогай выдання Томаса, які «падпісваецца Усяленскім Патрыярхам і сведчыцца подпісамі ў ім Блажэннейшых Прадстаяцеляў Свяцейшых аўтакефальных Цэркваў, запрошаных для гэтага Усяленскім Патрыярхам». Адносна апошняга пункта не да канца быў узгоднены толькі парадак падпісання Томаса, але гэтая акалічнасць не адмяняе дасягнутых дамоўленасцяў па астатніх пунктах. На Сінаксісах Прадстаяцеляў 2014 і 2016 гадоў дэлегацыя Маскоўскага Патрыярхату, нароўні з прадстаўнікамі некаторых іншых брацкіх Цэркваў, настойвала на ўключэнні пытання аб аўтакефаліі ў парадак дня Сабора. Руская Царква канчаткова пагадзілася на выключэнне гэтай тэмы з парадку дня Сабора толькі пасля таго, як Патрыярх Варфаламей ў студзені 2016 г.у прысутнасці іншых Прадстаяцеляў запэўніў, што ў Свяцейшай Канстанцінопальскай Царквы няма намераў ажыццяўляць якія-небудзь дзеянні, якія маюць дачыненне да царкоўнага жыцця на Украіне, ні на Святым і Вялікім Саборы, ні пасля Сабора.
Пералічаныя ў дакладзе Блажэннейшага Архіепіскапа Іераніма і раней неаднаразова аспрэчаныя аргументы дакладна трымаюцца пазіцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату. Аднак узнікаюць сумненні, ці падзяляе іх паўната Эладскай Праваслаўнай Царквы. Аб адсутнасці аднадумства паміж іерархамі Эладскай Царквы па дадзенаму пытанню і аб тым, што галасы не згодных з прызнаннем украінскага расколу былі праігнараваныя, сведчыць мітрапаліт Кіфірскі Серафім: «Спачатку казалі ўбеленыя сівізной і вельмі шаноўныя мітрапаліты Карысційскі Серафім і Ілійскі Герман, якія з вялікай мудрасцю і розумам разважалі пра гэтую актуальную праблему, прызнаўшы, што так, Усяленскі Патрыярх мае кананічнае права прадастаўляць аўтакефалію на пэўных умовах, але бягучая сітуацыя вельмі крытычная, і таму патрабуецца незвычайная абачлівасць і глыбокае вывучэнне і даследаванне ўсёй гэтай складанай праблемы без усялякай спешкі. У тым жа самым ключы былі вытрыманы выступленні Праасвяшчэнных мітрапалітаў Кесарыянійскага Данііла, Месагейскага Мікалая, Пірэйскага Серафіма ... і маё. Праасвяшчэнныя мітрапаліты Дрыінопальскі Андрэй і Эталійскі Касма не бралі слова, але далучыліся да ранейшых выступоўцаў — Праасвяшчэнных архіерэяў. Адсутныя пісьмова выклалі сваю пазіцыю — Праасвяшчэнныя мітрапаліты Новасмірнскі Сімяон і Керкірскі Нектарый з той жа самай адчувальнасцю і з тым жа пунктам гледжання падышлі да гэтага сур'ёзнага ўкраінскага пытання».
Мітрапаліт Новасмірнскі Сімяон у сваім лісце, звернутым да Сабора іерархіі і яго Блажэннейшага Старшыні, адзначае, што прадастаўленне аўтакефаліі Украіне пры тых умовах, у якіх яна была прадастаўлена, «не мае нічога агульнага з іншымі аўтакефаліямі, якія раней падаваліся» Канстанцінопальскім Патрыярхатам. Ён падкрэслівае, што «паспешлівае прызнанне ... раскольнікаў і так званых «самасвятаў» у абыход кананічнай мясцовай Царквы, але таксама і Маскоўскага Патрыярхату, якім былі асуджаны раскольнікі — і прадастаўленне аўтакефаліі новай царкоўнай структуры спараджае апраўданыя пытанні і выклікае супрацьдзеянне». Ён таксама ўказвае на кананічна непрымальны факт існавання «дзвюх паралельных мясцовых Цэркваў» на Украіне і паўторны раскол, які ўжо здарыўся ўнутры «новай царкоўнай структуры, якая атрымала аўтакефалію». Ён прама згадвае зацікаўленасць буйных геапалітычных сіл у паспешным прадастаўленні «аўтакефаліі» раскольнікам. Параўноўваючы сённяшняе становішча Праваслаўя з падзеямі Вялікага расколу 1054 года, ён заклікае іерархію «не спяшацца заняць пазіцыю». «Гвалтоўны і паспешны падыход да вырашэння пытання, — кажа мітрапаліт Сімяон — зробіць нас уразлівымі і падвергне рызыцы нашу Царкву. Будзе памылкай лічыць, што падобнага роду падыход да пытання паслужыць падтрымкай Усяленскаму Патрыярхату».
Мітрапаліт Керкірскі Нектарый, які не меў магчымасці прысутнічаць на пазачарговым Саборы іерархіі сваёй Царквы, звярнуўся да Сабора з лістом, у якім заклікае «адкласці прыняцце рашэння». Ён адзначае, што цяперашні «час — непрыдатны, каб прымаць рашэнне па дадзенаму востраму пытанню, у тым ліку і па той прычыне, што геапалітычныя ўмовы на найшырэйшай прасторы адрозніваюцца ад нормы, і ў выніку, якое б рашэнне ні было верагодным, яно створыць цяжкасці нашай айчыне». Ён таксама заклікае Эладскую Царкву «ўзяць на сябе ролю пасярэдніка», каб пачаць дыялог паміж Канстанцінопальскім і Маскоўскім Патрыярхатамі.
Мітрапаліт Пірэйскі Серафім, вядомы як спецыяліст па царкоўна-кананічным праве, не толькі прадставіў увазе Сабора вычарпальнае даследаванне, у якім пераканаўча абвяргаў аргументацыю, выкладзеную ў дакладзе Прадстаяцеля Эладскай Царквы, але і ў сваіх вусных выступленнях падвергнуў вострай крытыцы так званы «аб'яднальны сабор» раскольнікаў. Ён падкрэсліў, што «так званы «аб'яднальны сабор» не мае сілы, паколькі складаўся з міран, і прадастаўленне аўтакефальнага статусу гэтай неіснуючай «царкоўнай» структуры таксама аказваецца несапраўдным». Далей ён адзначыў, што ўсе спробы апраўдаць гэта «кананічнае беззаконне» анамальнай кананічнай практыкай, «са спасылкай на Атаманскае паланенне Царквы» і цяжкі перыяд, калі шэраг Памесных Цэркваў наўпрост залежаў ад Канстанцінопальскага Патрыярха, «замоўчваюць кананічны царкоўны парадак Святых Усяленскіх Сабораў». «Я запатрабаваў, — сведчыць мітрапаліт Серафім, — ад Свяшчэннага Сінода Эладскай Царквы склікання Усеправаслаўнага Сабора для вырашэння гэтага вельмі складанага пытання, да якога, на жаль, прымешваецца геапалітыка, або нават геастратэгія, якая аказвае ўплыў на ўсіх Прадстаяцеляў Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў. Адначасова я паставіў на від Сінадальнай камісіі па міжправаслаўных і міжхрысціянскіх адносінах, што яна не прадставіла Пастаяннаму Свяшчэннаму Сіноду, Блажэннейшаму Старшыні Иерархіі Эладскай Царквы ні якога-небудзь даклада аб меркаваннях па гэтаму пытанню іншых Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў, ні ацэнкі магчымых наступстваў для адзінства Царквы, у выпадку разрыву зносін Рускай Царквой і яе прызнаннем старастыльнікаў у Грэцыі. У той жа час я адказаў Старшыні камісіі па царкоўна-кананічным пытаннях, што мітрапаліт Ануфрый не меў ніякай магчымасці прымаць удзелу ў так званым «аб'яднальным саборы», як не мог бы Блажэннейшы Архиепискап Афінскі ўдзельнічаць разам з самаабвешчаным «Архіепіскапам Афінскім» Парфеніем Везірэасам — дыяканам Эладскай Царквы, вывергнутым з сана».
Камюніке пазачарговага Сабора іерархіі паведаміла аб рашэнні, прынятым па выніках абмеркавання гэтага даклада. Але хто менавіта прыняў гэтае рашэнне і ў якой форме — застаецца незразумелым. Цэлы шэраг аўтарытэтных іерархаў звяртаў увагу Сабора на крытычнае становішча сусветнага Праваслаўя, на неабходнасць надзвычайнай асцярожнасці і глыбокага вывучэння праблемы — без якой-небудзь спешкі і ціску звонку. Некалькі мітрапалітаў, у тым ліку і адсутных на Саборы, пісьмова звярнуліся да Сабора з заклікам адкласці рашэнне пытання.
Рашэнні Сабора іерархіі ў Эладскай Царкве прымаюцца галасаваннем усіх удзельнікаў. Аднак ні па пытанню аб прызнанні ўкраінскіх некананічных супольнасцяў, ні па пытанню аб зацвярджэнні рашэнняў Пастаяннага Свяшчэннага Сінода Эладскай Праваслаўнай Царквы па Украіне галасаванне епіскапату не праводзілася. Аб гэтым, у прыватнасці, заявіў мітрапаліт Кіфірскі Серафім: «Як вядома, рашэнні ў нашай Царкве прымаюцца галасаваннем: альбо ўзняццем рукі, альбо адкрытым, альбо тайным, альбо шляхам апытання усіх удзельнікаў сходу. Можа быць, на карысць аўтакефаліі была б пададзена дастатковая колькасць галасоў, але нямала было б і тых, хто прытрымліваецца процілеглага пункту гледжання, а таксама тых, хто сваім маўчаннем далучыліся б да другіх».
У адкрытым доступе адсутнічае афіцыйны дакумент за подпісамі грэчаскіх архіпастыраў, які можна было б лічыць сведчаннем адзінага саборнага рашэння Памеснай Царквы. Больш таго, вельмі хутка была распаўсюджана вестка аб тым, быццам Эладская Праваслаўная Царква прызнала ўкраінскую аўтакефалію, што не адпавядае ні тэксту камюніке, ні пазіцыі многіх удзельнікаў Сабора. Узнікаюць сур'ёзныя асцярогі, што саборны спосаб прыняцця рашэнняў, асвечоны словамі святых апосталаў: «Угодна Духу Святому і нам» (Дзеі. 15:28), — і тысячагадовай гісторыяй Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы, у дадзеным выпадку быў парушаны.
Калі ўкраінскі раскол будзе сапраўды прызнаны Эладскай Праваслаўнай Царквой або яе Прадстаяцелем — у форме сумеснага служэння, літургічнага памінання лідара расколу або накіравання яму афіцыйных грамат — гэта стане сумным сведчаннем паглыблення падзелу ў сям'і Памесных Праваслаўных Цэркваў. Паўната адказнасці за гэты падзел ляжа, перш за ўсё, на Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея і на тыя знешнія палітычныя сілы, у інтарэсах якіх быў «легалізаваны» ўкраінскі раскол. Замест таго, каб прызнаць дапушчаную памылку і паспрабаваць выправіць яе шляхам усеправаслаўнага абмеркавання, Патрыярх Варфаламей блакаваў любыя перагаворныя ініцыятывы на гэтым кірунку і на працягу года, па многіх сведчаннях, аказваў беспрэцэдэнтны ціск на іерархаў Эладскай Царквы, патрабуючы ад іх прызнання раскольнікаў. Ён неаднаразова заяўляў аб прызнанні Эладскай Царквой некананічных ілжэ-іерархаў Украіны як аб справе вырашанай, нібы гаворка не ішла аб незалежным рашэнні Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Становішча Эладскай Царквы, істотна абмежаванай у сваім Аўтакефальным ладзе, ўскладняецца двайной юрысдыкцыяй значнай часткі яе епіскапату, якая кананічна залежыць ад Канстанцінопаля: гэтым іерархам, напрыклад, рассылаліся цыркуляры з Канстанцінопальскай Патрыярхіі з патрабаваннем неадкладна прызнаць новаствораную псеўда-царкоўную структуру. Тым, хто знайшоў у сабе смеласць адкрыта выкрываць памылкі Канстанцінопальскага Патрыярха і ўступаць у дыскусію з ім, пагражалі, да іх патрабавалі ўжыць дысцыплінарныя меры, іх абвінавачвалі ў здрадзе і недахопе патрыятызму.
Сумна, што такім чынам гістарычныя заслугі грэчаскага народа ў распаўсюджанні Праваслаўя разменьваюцца на імгненныя палітычныя выгады і падтрымку чужых Царкве геапалітычных інтарэсаў. Але гэтыя спекуляцыі на нацыянальных пачуццях не будуць мець поспеху. Яны не змогуць падарваць адзінства нашай веры, набытае крывёю новамучанікаў і вызнаўцаў нашых Цэркваў. Яны не перапыняць адзінства нашай аскетычнай традыцыі, стваранай подзвігамі многіх прападобных айцоў і падзвіжнікаў. Яны не знішчаць векавую дружбу грэчаскага і славянскіх народаў, аплачаную крывёю рускіх воінаў і загартаваную ў агульнай барацьбе за свабоду брацкага грэчаскага народа.
Мы даражым малітоўнымі зносінамі з нашымі сабратамі ў Эладскай Праваслаўнай Царкве і будзем захоўваць з ёй жывую малітоўную, кананічную і еўхарыстычную сувязь — праз усіх тых архіпастыраў і пастыраў, хто ўжо выступіў або ў далейшым выступіць супраць прызнання ўкраінскага расколу, хто не запляміць сябе саслужэннем з раскольніцкімі ілжэ-іерархамі, але пакажа прыклад хрысціянскай мужнасці і цвёрдага стаяння за ісціну Хрыстову. Няхай умацуе іх Гасподзь у вызнаўчым подзвігу, малітвамі свяціцеляў Марка Эфескага і Грыгопыя Паламы, прападобнага Максіма Вызнаўцы і ўсіх тых грэчаскіх святых, якіх шанавалі і шануюць у нас, на Святой Русі.
Разам з тым мы памятаем, што свяшчэнныя каноны Царквы асуджаюць тых, хто ўступае ў малітоўныя зносіны і саслужэнне з вывергнутымі з сану і адлучанымі ад зносін (правілы Апостал. 10, 11, 12; сабораў I Усялен. 5; Антыях. 2 і інш.). У сувязі з гэтым спыняем малітоўныя і еўхарыстычныя зносіны з тымі архіерэямі Эладскай Царквы, якія ўступілі або ўступяць у такія зносіны з прадстаўнікамі ўкраінскіх некананічных раскольніцкіх супольнасцяў. Мы таксама не благаслаўляем здзяйсненне паломніцкіх паездак у епархіі, якімі кіруюць азначаныя архіерэі. Адпаведная інфармацыя будзе шырока распаўсюджана сярод паломніцкіх і турыстычных арганізацый краін, якія складаюць кананічную тэрыторыю нашай Царквы.
Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы ўпаўнаважвае Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла спыніць памінанне імені Блажэннейшага Архіепіскапа Афінскага і ўсёй Элады ў дыптыхах у выпадку, калі Прадстаяцель Эладскай Царквы пачне за богаслужэннямі памінаць кіраўніка адной з украінскіх раскольніцкіх груповак або распачне іншыя дзеянні, якія будуць сведчыць пра прызнанне ім Украінскага царкоўнага расколу.