Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў дыстанцыйным рэжыме прыняў удзел у канферэнцыі «Сусветнае Праваслаўе: першынство і саборнасць у святле праваслаўнага веравучэння» [+відэа]

16 верасня 2021

top.jpg

16 верасня 2021 года ў Сергіеўскай зале кафедральнага саборнага Храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве пачала працу канферэнцыя «Сусветнае Праваслаўе: першынство і саборнасць у святле праваслаўнага веравучэння».

Арганізатарамі і партнёрамі форуму выступілі Сінадальная біблейска-багаслоўская камісія, Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Агульнацаркоўная аспірантура і дактарантура імя святых Кірыла і Мяфодзія. Мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Фонду падтрымкі хрысціянскай культуры і спадчыны.

Канферэнцыя адкрылася ўступным словам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Адзначыўшы актуальнасць разглядаемай тэмы, Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў: «Становішча спраў у сям'і Памесных Праваслаўных Цэркваў выклікае вялікую занепакоенасць. Сітуацыю, якая склалася ў праваслаўным свеце, можна ацаніць як крызісную. Аб крызісе ясна сведчаць сур'ёзныя рознагалоссі сярод праваслаўных аб тым, як мы разумеем уладкаванне Усяленскага Праваслаўя, што мы маем на ўвазе пад першынством і саборнасцю, як мы суадносім кананічны строй Царквы з дзеяннямі ў галіне царкоўнага кіравання».

Свяцейшы Уладыка звярнуў увагу на тое, што ў гэтым крызісе бачыцца ўплыў пэўных палітычных сіл. «Нельга адмаўляць, што ў свеце ёсць тыя, хто хацеў бы разбурыць асновы праваслаўнага жыцця, пасеяць падзел і варожасць паміж народамі і цэрквамі, — сказаў Патрыярх Кірыл. — І цалкам відавочна прасочваецца тэндэнцыя стварыць бар'ер, калі наогул не адарваць грэчаскае Праваслаўе, міжземнаморскае Праваслаўе ад славянскага Праваслаўя, і ў першую чаргу — ад Рускай Праваслаўнай Царквы. Гэта значыць узнавіць мадэль расколу 1054 года і тым самым аслабіць Праваслаўную Царкву, якая сёння, не пабаюся сказаць, як мала хто з іншых хрысціянскіх канфесій ажыццяўляе і здольная ажыццяўляць прарочае служэнне, у першую чаргу, ацэньваючы ўсё тое, што адбываецца з чалавечай цывілізацыяй».

Ён таксама адзначыў, што як Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы, які абавязаны клапаціцца аб захаванні і ўмацаванні адносін з усімі Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі, не можа не адчуваць «асабістага болю ад таго, што адбываецца ў нашых узаемаадносінах з Канстанцінопальскім Патрыярхатам і з тымі Цэрквамі, якія былі ўцягнуты Канстанцінопалем у прызнанне так званай аўтакефальнай Украінскай царквы, якая на справе прадстаўляе не што іншае, як легітымізацыю царкоўнага расколу».

Ён нагадаў, што на этапе падрыхтоўкі да так і не праведзенага Усеправаслаўнага сабору было дасягнута прынцыповае рашэнне: аўтакефалія ў далейшым можа прадастаўляцца толькі са згоды ўсіх агульнапрызнаных Памесных Праваслаўных Цэркваў, аднак па просьбе Канстанцінопальскага Патрыярха дадзеную тэму знялі з разгляду. А пасля нарады дзесяці Памесных Праваслаўных Цэркваў на Крыце ў 2016 годзе гэтая тэма была канчаткова пахавана, усе дасягнутыя ў мінулым дамоўленасці былі абнулены, і Канстанцінопальскі Патрыярх заявіў аб нібыта атрыманым ад апосталаў праве аднаасобна, без згоды іншых Памесных Цэркваў, даваць аўтакефалію каму палічыць патрэбным.

«Прэтэнзіі на асаблівыя правы і прывілеі і раней выказваліся Канстанцінопальскімі іерархамі і багасловамі, але ніколі яшчэ яны не агучваліся з такой жорсткай інтанацыяй і ў такой радыкальнай трактоўцы, як сёння, — падкрэсліў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. — Дайшло да таго, што Канстанцінопальскага Патрыярха сталі называць не першым сярод роўных, а «першым без роўных». Гэтая новая эклезіялогія не мае ніякіх падстаў ні ў святых канонах, ні ў цэлым у царкоўным паданні».

«Мы бачым, што эклезіялагічныя тэндэнцыі, якія адзначаліся раней і выклікалі асцярогу, сёння атрымалі далейшае развіццё і ўжо нанеслі значную шкоду ўзаемаадносінам Памесных Праваслаўных Цэркваў» — канстатаваў Патрыярх. Ён указаў на тое, што асабліва небяспечным і цяжкім парушэннем кананічнага ладу з'явілася ўварванне Канстанцінопальскага Патрыярхату на Украіну — на тэрыторыю іншай Памеснай Праваслаўнай Царквы: «Гэта ўварванне рэальна можа мець згубныя наступствы, якія могуць разбурыць адносіны паміж Памеснымі Цэрквамі».

«Між тым, у гісторыі Царквы нярэдка бывалі выпадкі, калі крызісныя сітуацыі давалі штуршок для больш стараннага асэнсавання веравучэння і розных практычных пытанняў царкоўнага жыцця, — працягнуў Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы. — Перакананы, што нам неабходны багаслоўскі аналіз таго, што сёння адбываецца ў Сусветным Праваслаўі».

Яго Свяцейшасць сфармуляваў асноўныя задачы распачатай канферэнцыі. Сярод іх — аналіз эклезіялагічных прычын цяперашняга крызісу. «Неабходна суаднесці тое разуменне першынства і саборнасці, якое сёння артыкулюецца Канстанцінопалем, з спрадвечным разуменнем, замацаваным у Традыцыі Царквы. Гэта самае важнае: мы можам даказаць памылковасць пазіцыі Канстанцінопаля, толькі суаднясучы гэтую актуальную пазіцыю з тым, што заўсёды мела месца ў Праваслаўнай Царкве ў плане рэалізацыі ролі і значэння першага», — упэўнены Свяцейшы Патрыярх».

Ён таксама лічыць неабходным даць багаслоўскую і кананічную ацэнку дзеянням, якія вынікаюць ад няслушнага разумення першынства. «Мяркую, што для такой ацэнкі вельмі важна старанна разгледзець у тым ліку і палітычны кантэкст «даравання аўтакефаліі» так званай Праваслаўнай Царкве Украіны, гэта значыць раскольніцкай структуры, якой Канстанцінопальскі Патрыярх паспрабаваў замясціць рэальна існуючую Украінскую Праваслаўную Царкву — Царкву, якая налічвае больш за 12 тысяч прыходаў, больш за 250 манастыроў, членамі якой з'яўляюцца мільёны праваслаўных украінцаў», — сказаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Свяцейшы Патрыярх асабліва падкрэсліў, што перад абліччам узнікшага ў Сусветным Праваслаўі расколу Руская Праваслаўная Царква з ласкі Божай застаецца адзінай і кансалідаванай. «Скажу больш: падзеі, якія адбыліся ва Украіне, выкліканыя беззаконным уварваннем Канстанцінопаля на кананічную тэрыторыю Украінскай Праваслаўнай Царквы, дапамаглі многім у нашай Царкве яшчэ вастрэй усвядоміць той дар адзінства, які мы атрымалі ў спадчыну ад нашай тысячагадовай гісторыі» — адзначыў ён.

«У той жа час падзеі, якія адбываюцца за межамі нашай кананічнай тэрыторыі, не могуць пакідаць нас абыякавымі — працягнуў Свяцейшы Патрыярх Кірыл. — Яны закранаюць усіх членаў Сусветнага Праваслаўя, і мы пакліканы супольна шукаць шляхі выхаду з гэтага крызісу. Вось чаму мы віталі ініцыятыву Блажэннейшага Патрыярха Іерусалімскага і ўсёй Палесціны Феафіла III сабраць у Амане Міжправаслаўную нараду і прынялі ў ёй удзел. Прадстаяцель найстаражытнейшай Царквы, іменаванай у богаслужэбных тэкстах «Маці Цэркваў», мужна ўзяў на сябе высакародную місію, прадаставіўшы Памесным Праваслаўным Цэрквам пляцоўку для дыскусій ва ўмовах, калі Канстанцінопальскі Патрыярх рэальна пазбавіў сябе магчымасці збіраць такія нарады».

Як адзначыў Свяцейшы ўладыка, у канферэнцыі, якая адкрылася ў гэты дзень у Маскве, прымаюць удзел вядучыя багасловы з розных краін, прадстаўнікі не толькі Рускай Праваслаўнай Царквы, але і іншых Памесных Цэркваў. «Спадзяюся, што іх голас будзе пачуты і там, дзе сёння шырыцца і паглыбляецца раскол — сказаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. — Давайце паспрабуем сумеснымі намаганнямі яго спыніць, каб, паводле слова свяціцеля Васілія Вялікага, «прывесці зноў да адзінства Цэрквы, на многія часткі паміж сабой падзеленыя». Яго Свяцейшасць выказаў надзею, што вынікі канферэнцыі актывізуюць багаслоўскі дыялог і будуць карысныя ўсім тым, хто зацікаўлены ў захаванні праваслаўнага веравучэння і кананічнага парадку.

«Асабліва хацеў бы адзначыць важнасць гэтай канферэнцыі, таму што маючы адбыцца Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы дасць ацэнку таму, што мы зараз назіраем у праваслаўным свеце, і калі гэта будзе ўгодна Духу Святому і прысутным архіерэям, прыме рашэнне, якое тычыцца пазіцыі нашай Царквы ў дачыненні да дзеянняў Канстанцінопаля», — падкрэсліў Свяцейшы Патрыярх Кірыл.

Пасяджэнне працягнулася пленарным дакладам, з якім выступіў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, рэктар Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых Кірыла і Мяфодзія, старшыня Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

У абмеркаванні паднятай тэмы прымаюць удзел архіпастыры, святары і міране — члены Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі, прадстаўнікі духоўных школ Рускай Праваслаўнай Царквы, прафесарска-выкладчыцкага саставу ВНУ, іерархі і клірыкі Украінскай Праваслаўнай Царквы, госці з Памесных Праваслаўных Цэркваў.

У ліку прысутных на пасяджэнні канферэнцыі — Патрыяршы намеснік Маскоўскай мітраполіі мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Павел, кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій, мітрапаліт Смаленскі і Дарагабужскі Ісідар, мітрапаліт Цвярскі і Кашынскі Амвросій, намеснік старшыні АЗЦС архіепіскап Уладзікаўказкі і Аланскі Леанід, архіепіскап Ягор'еўскі Матфей, архіепіскап Падольскі і Любярэцкі Аксій, епіскап Балашыхінскі і Арэхава-Зуеўскі Мікалай, рэктар Маскоўскай духоўнай акадэміі епіскап Звянігарадскі Феадарыт, намеснік кіраўніка спраў Маскоўскай Патрыярхіі епіскап Зеленаградскі Сава, старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі епіскап Істрынскі Серафім, епіскап Лухавіцкі Пётр, епіскап Мыцішчанскі Феафілакт, кіраўнік адміністрацыйнага Сакратарыята Маскоўскай Патрыярхіі епіскап Адзінцоўскі і Краснагорскі Фама, рэктар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі епіскап Пецяргофскі Сілуан, епіскапы Сергіева-Пасадскі і Дзмітраўскі Фама, Зарайскі Канстанцін, Нара-Фамінскі Парамон, Азёрскі Парфірый, Серпухаўскі Раман.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі/Church.by