Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі выступіў на пленарным пасяджэнні VIII Беларускіх Калядных чытанняў «Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар чалавека»
25 лістапада 202225 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пленарнае пасяджэнне VIII Беларускіх Калядных чытанняў «Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар чалавека» – найважнейшага мерапрыемства, якое праводзіць Беларуская Праваслаўная Царква.
Традыцыйна яно праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У цэнтры ўвагі чытанняў – праблемы духоўна-маральнага выбару чалавека і ўсяго чалавецтва ва ўмовах усёпранікальнай глабалізацыі. Форум закліканы адказаць на самыя надзённыя пытанні быцця чалавека ў сучасным свеце, раскрыць ролю духоўна-маральных каштоўнасцей, бесперапыннай пераемнасці духоўных традыцый у захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, фарміраванні вобраза будучыні нашай краіны.
Цэнтральнай падзеяй пленарнага пасяджэння стала выступленне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
У сваёй прамове Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка звярнуў увагу на тое, што чытанні сталі значнай падзеяй у жыцці краіны, яны адкрываюць серыю перадкалядных мерапрыемстваў, якія праводзяцца Беларускай Праваслаўнай Царквой сумесна з дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі аб'яднаннямі.
Па словах архіпастыра, выбар тэмы чытанняў «Глабальныя выклікі сучаснасці і духоўны выбар чалавека» абумоўлены наспелай патрэбай асэнсавання складаных і супярэчлівых працэсаў, якія адбываюцца ў свеце і непасрэдна закранаюць нашу краіну.
«Дзякуючы сучасным сродкам камунікацыі да ўдзелу ў працы чытанняў падключыліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў рэспублікі, удзельнікі з-за мяжы, – распавёў Патрыяршы Экзарх. – Гэта адно з яркіх сведчанняў змяненняў, якія адбываюцца ў сучасным свеце ў выніку глабалізацыйных працэсаў, пазітыўныя і негатыўныя бакі якіх мы закліканы сёння разгледзець».
Яго Высокапраасвяшчэнства канстатаваў, што ў чалавечую прыроду закладзена памяць пра рай, якую на працягу стагоддзяў людзі імкнуліся ўвасобіць у розных формах: рэлігійных, творчых, філасофскіх, сацыяльна-палітычных, што адказвалі б уласцівым нам імкненням да гармоніі і справядлівасці, мірнага супольнага існавання.
З другой паловы мінулага стагоддзя асаблівыя надзеі сталі ўскладацца на глабалізацыю, якая характарызавалася рэзкім узмацненнем інтэграцыйных працэсаў у эканоміцы, а затым ва ўсіх абласцях і сферах грамадскага жыцця.
«Першапачаткова гэта ўсяляла надзею, што адвечныя праблемы, якія суправаджаюць чалавецтва на ўсім працягу гістарычнага шляху, нарэшце, будуць вырашаны. Чакалася, – і на першых этапах гэтыя чаканні апраўдваліся – што галоўнымі вынікамі глабалізацыі будуць павышэнне якасці жыцця, паскарэнне навуковага і тэхнічнага прагрэсу, вызваленне часу для культурнай і духоўнай дзейнасці. А наступствам усяго гэтага стане пашырэнне сферы свабоды чалавека, развіццё яго творчага пачатку», – нагадаў Мітрапаліт Веніямін.
Аднак выкліканыя глабалізацыяй і шмат у чым апраўданыя працэсы стандартызацыі і ўніфікацыі ў галіне навукі, тэхнікі, тэхналогій вытворчасці з часам з нарастаючай сілай сталі распаўсюджвацца на сферу сацыяльных адносін, змяняючы побыт чалавека, руйнуючы міжасобасныя сувязі, пачынаючы ўрывацца ў свет культуры і духоўнага жыцця чалавека. Пры гэтым глабалізацыя вядзе не да стварэння нейкай звышкультуры на аснове інтэграцыі нацыянальных культур, але спрашчае, зніжае культурны і духоўны ўзровень грамадства, падмяняючы традыцыйную культуру эрзац-узорамі.
«Гэтыя працэсы асабліва бачна выяўляюцца ў інфармацыйнай прасторы, якая ўжо стала адзінай і ахоплівае ўвесь зямны шар. Але на справе яна абслугоўвае інтарэсы толькі некалькіх развітых дзяржаў і транснацыянальных карпарацый, якія валодаюць фінансавымі магчымасцямі. У выніку народы, схільныя да знешняга інфармацыйнага ўздзеяння, паступова страчваюць сваю ідэнтычнасць, а затым і уласцівыя ім духоўныя каштоўнасці», – адзначыў Мітрапаліт Веніямін.
Паводле яго слоў, узамен глабалізацыя прапануе, каб чалавек, якой бы нацыянальнасці і якога веравызнання ён не быў, сфарміраваўся як зразумелы, кіраваны выканаўца з уніфікаваным наборам кампетэнцый, як актыўны спажывец. Але не як свабодны, незалежны творца, у першую чаргу, творца сваёй душы. Не асоба ў яе сапраўдным хрысціянскім разуменні.
У выніку замест пашырэння магчымасцяў для духоўнага росту асобы ў працэсе глабалізацыі фарміруецца прынцыпова іншае стаўленне да чалавека, да яго дзейнасці і, як вынік, да сям'і. Дэградуе высокае мастацтва. Яго месца займае максімальна спрошчаная масавая культура, якая апелюе да жывёльнага, нізкага складніка чалавечай істоты. Губляюць сапраўдны сэнс паняцці «народл», «патрыятызм», «служэнне», «абавязак», «адказнасць», а ўслед за імі – «каханне», «міласэрнасць», «спачуванне», «сумленне».
«У чалавека, выхаванага ў высокай духоўнай традыцыі, узнікае вострае адчуванне безвыходнасці, страчанасці. Але ёсць Той Якому менавіта такі чалавек патрэбны. Той, Які менавіта так кажа пра чалавека і менавіта для гэтага Ён стварыў чалавека. Чалавек патрэбен Богу, як аб гэтым сведчыць апостал Іаан Багаслоў: «Мы лю́бім Яго, бо Ён першы ўзлюбíў нас» (1 Ін. 4, 19)», – сказаў Патрыяршы Экзарх.
«Толькі звярнуўшыся да Бога, чалавек зноў адчувае ўнутраную патрэбу ў духоўным росце, у сапраўднай творчасці, у яго зноў з'яўляецца пакліканне, усведамленне сваёй патрэбнасці, – заўважыў Мітрапаліт Веніямін. – І гэта значыць адначасовы рух уверх і вяртанне да сябе. Бо яшчэ раз варта нагадаць, што менавіта слова Евангелля вызначыла характар нашай цывілізацыі. Нават не ўсведамляючы гэтага, мы думаем хрысціянскімі катэгорыямі, і сістэма нашых маральных каардынат стаіць на біблейскім падмурку. У кожным з нас жыве вера, і мы ўвесь час шукаем у сабе сілы і магчымасці, з дапамогай якіх можна здабыць паўнату быцця».
«Ці рэальна гэта ў свеце, у якім кіруе эгаізм, якому чужая не толькі пропаведзь пра Хрыста, але і любое ўяўленне аб Вышэйшым; у свеце, які, дэкларуючы сусветнае яднанне, сцвярджае паўсюдную раздробленасць і адзіноту?
Адказ – толькі ТАК.
Нягледзячы на трагічнасць сітуацыі ў нас не павінна быць месца маркоце. Бо ў нас заўсёды ёсць надзея на нашага Стварыцель. Мы павінны заўсёды памятаць, што Гасподзь, імя Якому Любоў ніколі не пакіне чалавека і, прыпадабняючыся да Яго, мы павінны навучыцца бачыць у кожным ззянне гэтай любові. Толькі тады ў нас адкрыюцца сапраўдныя творчыя сілы, каб наблізіцца да стану рая ўжо тут, на зямлі», – заключыў архіпастыр.
Далей у ходзе пленарнага пасяджэння прагучалі даклады:
епіскапа Пінскага і Лунінецкага Георгія «Духоўнае асэнсаванне глабальных выклікаў сучаснасці»;
Дзяніса Уладзіміравіча Дука, доктара гістарычных навук, прафесара, рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова «Асэнсаванне сучасных геапалітычных падзей у святле духоўных урокаў мінулага»;
протаіерэя Фёдара Поўнага, кандыдата багаслоўя, ганаровага доктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, старшыні Сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі «Духоўная тактыка і стратэгія выхаду з сучаснага геапалітычнага крызісу»;
Кацярыны Аляксандраўны Пятруцкай, кандыдата педагагічных навук, дырэктара ДУА «Мінскі гарадскі педагагічны каледж» «Камплементарны падыход да духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў пачатковых класаў».
У дні працы чытанняў, якія працягнуцца да 10 снежня, адбудзецца шэраг канферэнцый, круглых сталоў і семінараў. Будуць працаваць секцыі: «Духоўная асвета праз дзейнасць бібліятэк», «Сацыяльнае служэнне Царквы», манаская секцыя «Узыходжанне духу. 1030 гадоў Праваслаўя на Беларускіх землях».
Акрамя Нацыянальнай бібліятэкі, мерапрыемствы VIII Беларускіх Калядных чытанняў пройдуць у Мінскай духоўнай семінарыі, навучальных установах сталіцы, Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі і на іншых пляцоўках.
Да ўдзелу ў чытаннях запрошаны святары, прадстаўнікі заканадаўчых і выканаўчых органаў улады, дзеячы культуры, навуковыя работнікі, прадстаўнікі сілавых структур, навукоўцы, кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, выкладчыкі нядзельных школ, студэнты, прадстаўнікі іншых напрамкаў дзейнасці.