Патрыяршы Экзарх выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю архімандрыта Феадосія (Поўнага)
12 красавіка 2017Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю архімандрыта Феадосія (Поўнага).
Тэкст спачування
Яго Высокапрападобію
протаіерэю Фёдару Поўнаму,
настаяцелю Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска,
благачыннаму 4-й Мінскай гарадской акругі
Ваша Высокапрападобіе, глыбокашаноўны айцец Фёдар!
Дарагія айцы, браты і сёстры!
Са смуткам успрыняў вестку аб смерці архімандрыта Феадосія (Поўнага), аднаго з найстарэйшых клірыкаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Выказваю спачуванне родным і блізкім і ўсім духоўным дзецям памерлага дарагога і любімага пастыра.
Айцец Феадосій прыняў свяшчэнны сан у далёкія 1950-я гады і ў вельмі няпросты час нямала папрацаваў на Гомельскай зямлі, старанна здзяйсняючы богаслужэнні, прапаведуючы Евангельскія ісціны, садзейнічаючы адраджэнню царкоўнага жыцця. Пасля трагічнай смерці вернай жонкі ён усяго сябе прысвяціў служэнню Богу, уступіўшы на манаскі шлях духоўнага ўдасканалення. Доўгі час архімандрыт Феадосій выконваў послух духаўніка Успенскага Жыровіцкага манастыра, дзе набыў асаблівую любоў, давер і павагу браціі, прыхаджан і шматлікіх паломнікаў.
Набожнае жыццё бацькоў падштурхнула яго сыноў пайсці па слядах бацькі і прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу, Царкве Хрыстовай і народу Божаму. Бацькоўскае выхаванне пасяліла ў сэрцах яго дзяцей шчырую веру ў Бога, хрысціянскую пабожнасьць і ўпэўненасць у сыноўскія малітвы прад Прастолам Божым не толькі за бацькоў, але і за ўсіх родзічаў.
Мы молімся сёння і ў будучыні будзем узносіць свае сціплыя, але шчырыя малітвы аб новаспачылым архімандрыце Феадосіі і верым, што Гасподзь упакоіць Свайго спачылага служыцеля у Сваім Нябесным Царстве, дзе няма ні хваробы, ні смутку, ні журбы, але жыццё бясконцае!
Вечная памяць і Царства Нябеснае новаспачыламу архімандрыту Феадосію!
З глыбокім спачуваннем
+ Павел,
мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі