Педагогі Экзаршага інклюзіўнага хору «Радасць душы» правялі майстар-клас для ўдзельнікаў III Міжнароднага фестывалю інклюзіўных практык «Пераадольваючы межы-2021»
20 верасня 202117 верасня 2021 года пры падтрымцы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў анлайн-фармаце адбыўся майстар-клас педагогаў Экзаршага інклюзіўнага хору «Радасць душы» на тэму «Спецыфіка і асаблівасці метадаў і прыёмаў хормайстарскай працы ва ўмовах інклюзіўнага калектыву» для ўдзельнікаў III Міжнароднага фестывалю інклюзіўных практык «Пераадольваючы межы-2021», які праходзіць у Грузіі.
У ходзе майстар-класа кіраўнік калектыву і хормайстры распавялі пра гісторыю стварэння, дзейнасці і спецыфіку хору, а таксама прадэманстравалі асаблівасці працы над фарміраваннем некаторых вакальна-харавых навыкаў спевакоў і мастацкім вобразам твору. У анлайн-сустрэчы прыняў удзел старэйшы канцэртны састаў Экзаршага хору «Радасць душы».
***
У Экзаршым хоры «Радасць душы» свой творчы патэнцыял раскрываюць як людзі з парушэннем зроку, так і здаровыя вакалісты. У складзе творчага калектыву каля 80 чалавек ад 6 гадоў і старэй. Хор актыўна гастралюе, удзельнічае ў міжнародных праграмах, удзельнічае ў сумесных праектах з вядомымі калектывамі.
Апякуецца хор сталічным прыходам храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі. Протаіерэй Уладзімір Хіраска (1874 — 1932) да свайго арышту і ссылак быў настаяцелем храма ў гонар абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» пры вучылішчы сляпых у Мінску. Ён выкладаў невідушчым людзям Закон Божы, духоўна акармляў іх, падтрымліваючы словам і справай. Названы ў яго гонар прыход таксама канцэнтруе свае намаганні на працы з невідушчымі людзьмі: дапамагае ім адаптавацца ў храме, вывучыць асновы праваслаўнай веры, рэалізаваць свае творчыя здольнасці. У храме прысутнічаюць рэльефныя іконы для невідушчых людзей і малітва «Ойча наш», якую можна "прачытаць" рукамі.