Па цэнтральнай вуліцы Наваполацка прайшоў традыцыйны хрэсны ход з Уладзімірскім абразом Божай Маці

09 верасня 2021

top.jpg

8 верасня 2021 года ў горадзе Наваполацку адбыўся традыцыйны хрэсны ход з Уладзімірскім абразом Божай Маці. Абраз Нябеснай Заступніцы горада ўрачыста пранеслі з прыхода храма святога Архангела Міхаіла ў храм у гонар іконы Божай Маці «Неспадзяваная Радасць».

Пачаткам урачыстасці стаў малебен аб дабрабыце жыхароў Наваполацка, які быў здзейснены каля будуемага іерэем Андрэем Бабушкіным духоўна-асветніцкага цэнтра з храмам у гонар святога Архангела Міхаіла. Яму саслужылі святары Полацкай епархіі: іерэй Міхаіл Таляронак, іерэй Аляксандр Козел, дыякан Георгій Пугач, дыякан Ціхан Антух.

Пасля заканчэння малебна пад звон званоў хрэсны ход з абразом Царыцы Нябеснай прайшоў праз увесь горад па цэнтральнай вуліцы Наваполацка. Неслі святыню ваеннаслужачыя Полацкага пагранічнага атрада. Ва ўрачыстым шэсці прынялі ўдзел выхаванцы прыходскай нядзельнай школы, а таксама вучні 4 «Г» класа дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 1 г. Наваполацка» разам са сваім класным кіраўніком Ганнай Шайтар.

Хрэсны ход зрабіў адзін прыпынак ля мемарыяльнага комплексу «Першая палатка», дзе быў здзейснены малебен з акафістам Прасвятой Багародзіцы. Далей урачыстае шэсце са святыняй прайшло да прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Неспадзяваная Радасць».

Полацкая епархія/Church.by