Па ініцыятыве Брэсцкай епархіі створаны сайт, на якім юнакі і дзяўчаты могуць ананімна звярнуцца па дапамогу да псіхолага і свяшчэнніка

17 лютага 2021

top.jpg

15 лютага 2021 года, у Дзень праваслаўнай моладзі, у Брэсцкай епархіі дадзены старт праекту «Зразумець і дапамагчы», які не мае аналагаў у дадзеным фармаце.

Добрае пачынанне задумана для таго, каб падтрымаць падлеткаў і моладзь у складаных жыццёвых сітуацыях. Для гэтага створаны сайт https://help.tochurch.by/, на якім юнакі і дзяўчаты могуць задаць пытанне або апісаць праблемную сітуацыю. На працягу 36 гадзін на пісьмо прыйдзе разгорнуты адказ ад псіхолага і праваслаўнага святара.

Як адзначылі ў Брэсцкай епархіі, для праекта абраны найбольш звыклы для моладзі фармат зносін: перапіска ў чатах, сацыяльных сетках і да т. п. Ён забяспечвае даступнасць звароту па дапамогу ў любым месцы і ў любы час (няма неабходнасці адасабляцца для здзяйснення працяглага званка на тэлефон даверу), стварае адчуванне бяспекі пры ўзаемадзеянні з кансультантамі, дапамагае рашыцца на абмеркаванне самых складаных праблем.

Для зручнасці карыстальнікаў на сайце паказаны пералік найбольш тыповых праблем, а таксама дадзены дадатковыя рэкамендацыі, якія будуць спрыяць атрыманню эфектыўнай дапамогі.

Ініцыятарамі і арганізатарамі праекта выступілі аддзел па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, а таксама аддзел па працы з моладдзю Брэсцкай епархіі.

Брэсцкая епархія Church.by