Па матэрыялах СМІ: артыкул з цыклу «Воіны духу» пра беларускага святара Мікалая Усціновіча
08 мая 2023На сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва «БЕЛТА+» і ў газеце «7 дзён» выйшаў артыкул Тамары Маркінай з цыкла «Воіны духу» пра беларускага святара Мікалая Усціновіча. «Воіны духу» — сумесны праект Беларускай Праваслаўнай Царквы і Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Ён распавядае пра святароў і манахаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай абаранялі Радзіму на франтах або змагаліся з ворагам на акупаваных ім тэрыторыях, сышоўшы ў партызаны. Праект «Воіны духу» — наша падзяка тым, хто стаў на абарону краіны, калі яна была ў небяспецы, а ў мірныя гады працягнуў служыць Айчыне, Богу і людзям.
У гады Вялікай Айчыннай вайны святар Мікалай Усцінавіч выратаваў дзясяткі вернікаў ад немінучай гібелі, а вёску Ганчары — ад долі Хатыні. Але што яму за гэта давялося перажыць? Прысуд ваеннага трыбунала быў жорсткі: 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў з паразай у правах на пяць гадоў і канфіскацыяй маёмасці.
Адказвай, дзе партызаны?
Дзве версіі адной гісторыі.
Першую распавёў сын Мікалая Канстанцінавіча — Ігар, кадравы афіцэр, маёр у адстаўцы. Апавед пра бацьку пачаў з драматычнага эпізоду, які здарыўся ў Ганчарах ў 1943 годзе. Яго потым доўга пераказвалі адно аднаму жыхары.
— Аднойчы на ўскраіне вёскі, куды ў пачатку вайны накіравалі служыць настаяцелем мясцовай царквы бацьку, забілі прадстаўніка нямецкай камендатуры. Гітлераўцы — адразу ў дом да святара: «адказвай, дзе партызаны?!». «Няма партызан у вёсцы!» — казаў Мікалай Канстанцінавіч, выдатна ведаючы, што партызаны кожную ноч наведваліся ў Ганчары і ў яго дом, а мая маці і іншыя вяскоўцы пяклі для іх хлеб.
Немцы прыставілі да святара двух аўтаматчыкаў і загадалі:
— Ідзі наперад — правядзеш нас па вёсцы. Калі раздасца хоць бы адзін стрэл — расстраляем на месцы. А вёску спалім!
Так, айцец Мікалай прайшоў у суправаджэнні аўтаматчыкаў праз усё сяло, практычна моўчкі — і ніводнага стрэлу.
За падпал «бункера»
Версія другая, дапоўненая.
— З нашага пункту гледжання, найбольш верагоднай выглядае версія Сяргея Будзевіча, — распавядае сёння вучням Лідскага ліцэя №1 выкладчык гісторыі Іосіф Залескі, трымаючы ў руках навукова-даследчую працу «Любоў не шукае свайго...» (цытата з Бібліі), праведзеную ў 2015 годзе ліцэістамі Лізай Будрэвіч і Наталляй Пруднікавай.
— Дзяўчаты сабралі нямала звестак пра жыццё і лёс айца Мікалая. Адны з самых каштоўных — сведчанні жыхароў Ганчароў, — акцэнтуе ўвагу прыціхлых дзесяцікласнікаў на ўроку Іосіф Іосіфавіч.
«Гэта здарылася ў 1943 годзе, — распавёў ліцэістам Сяргей Будзевіч. — Неяк партызаны спілавалі слупы, абясточыўшы тэлефонную сувязь паміж Ганчарамі, дзе была чыгуначная станцыя, і Лідай. Для ўзмацнення аховы тэрыторыі немцы ў будынку школы стварылі апорны пункт, куды перыядычна наведваліся».
Партызаны загадалі Сяргею і яго бацьку навазіць у будынак школы саломы. Будзевічы загад выканалі, і партызаны падпалілі «бункер». Полымя было відаць за некалькі вёрст. Немцы, якія дзяжурылі на станцыі, адкрылі стральбу па вёсцы.
«Я якраз быў у кампаніі такіх, як я, хлопцаў», — успамінаў Сяргей Будзевіч.
Спалохаўшыся, пацаны ўпалі на зямлю, а фашысты, прыняўшы падлеткаў за партызан, узялі іх на мушку — і ледзь не здзіравілі кулямі. Але насустрач ім кінуўся айцец Мікалай.
Размахваючы рукамі, з крыкам «ніхт шысэн!» — не страляць, ён кінуўся на выручку хлапчукам. Немцы апусцілі зброю. Так бацюшка выратаваў Сяргея і яго сяброў. Прайшоўшы пад рулямі аўтаматчыкаў праз усе Ганчары, ён даказаў немцам, што ў вёсцы няма партызан, тым самым убярог яе ад бяды.
«Адназначна, што гэта была б другая Хатынь» — услед за Ігарам Мікалаевічам зрабілі выснову і ліцэісты ў даследаванні, прызнаным адным з лепшых сярод аналагічных работ конкурсу Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя Кірыла і Мяфодзія.
Чытаць далей па спасылцы>>
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,