Па рэкамендацыі Мінскай духоўнай акадэміі выдадзена манаграфія па гісторыі прыхода ў пасёлку Юрацішкі
25 кастрычніка 201721 кастрычніка 2017 года ў Мінскай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя кнігі першага прарэктара Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі прафесара С. П. Стрэнкоўскага «Пад амафорам свяціцеля Мікалая Цудатворца: гісторыя праваслаўнага прыхода ў мястэчку Юрацішкі».
У манаграфіі даследуецца гісторыя прыхода царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў гарадскім пасёлку Юрацішкі Гродзенскай вобласці ад будаўніцтва храма ў пачатку XVI стагоддзя і да нашых дзён. На аснове шматлікіх архіўных матэрыялаў паказана ўладкаванне храма на розных этапах яго існавання, яго ўнутранае ўбранне, дадзены звесткі аб значных падзеях парафіяльнага жыцця, прыхаджанах храма. Аўтарам адноўлены звесткі аб прыпісных цэрквах і капліцах прыхода. Знойдзены імёны значнай часткі настаяцеляў, складзены біяграфіі свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў за перыяд сярэдзіны XVIII — пачатку XXI стагоддзя. Паралельна прыведзены звесткі аб кцітарах царквы. У кнізе прадстаўлена інфармацыя аб асобных населеных пунктах прыхода, звесткі па іншых храмах і прыходах былых Ашмянскага і Лідскага паветаў. У дадатку да манаграфіі дадзены гістарычныя дакументы, якія ілюструюць яе асноўны змест.
Кніга С. П. Стрэнкоўскага «Пад амафорам свяціцеля Мікалая Цудатворца: гісторыя праваслаўнага прыхода ў мястэчку Юрацішкі» напісана на аснове багатай крыніцавай базы. Бібліяграфія даследавання ўключае 220 архіўных спраў са збораў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (Lietuvos valstybės istorijos archyvas), аддзела рукапісаў Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта (Vilniaus universiteto biblioteka), Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, архіва Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, архіва царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Юрацішках. Спіс выкарыстанай літаратуры налічвае 408 найменняў на рускай і польскай мовах. Агульны аб'ём манаграфіі складае 538 старонак.
Кніга выйшла па рэкамендацыі кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі.
Выданне ажыццёўлена пры садзейнічанні міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» ў межах рэалізацыі духоўна-адукацыйнага праекта «Логас».
Даследаванне разлічана на навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў школ і гімназій, усіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.