Падпісана праграма мер па выкананні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой у Віцебскай вобласці
12 сакавіка 202112 сакавіка 2021 года ў Віцебскім абласным выканаўчым камітэце адбылася цырымонія падпісання праграмы мер па выкананні пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой у Віцебскай вобласці на 2021-2025 гады.
Гэты асноватворны дакумент, накіраваны на ўзаемадзеянне ўлады і Царквы, ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. На цырымоніі прысутнічалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, кіраўнікі падраздзяленняў аблвыканкама.
У праграму ўключаны 9 раздзелаў, якія тычацца прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва. Гэта выхаванне і адукацыя; культура і творчая дзейнасць; ахова, аднаўленне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны; ахова здароўя; ахова навакольнага асяроддзя; развіццё спорту і турызму; сацабарона; дабрачыннасць; садзейнічанне ўмацаванню сям'і, мацярынства і дзяцінства; апека аб асобах, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і адбываюць пакаранне.
На Віцебшчыне зарэгістраваны 301 праваслаўны прыход, дзейнічаюць 242 храмы, яшчэ 27 будуюцца. Першае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой было падпісана ў 2003 годзе і падаўжаецца, дапаўняецца кожныя пяць гадоў, — праінфармаваў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін.
У сваёй прывітальнай прамове архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый звярнуў увагу на тое, што для паспяховага маральнага выхавання насельніцтва трэба надаваць найбольшую ўвагу маладому пакаленню, пачынаючы з дзіцячага садка і школы, каб бачыць вынік у будучыні. Таксама ўладыка распавёў аб значнай даце для Віцебшчыны ў 2021 годзе — 800-годдзі з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, які мае непасрэднае дачыненне да Віцебскай і Полацкай земляў.
Звяртаючыся да прысутных, епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій падзякаваў за тое, што ўсе прапановы ад Полацкай епархіі былі прыняты і ў пагадненне ўвайшлі важныя для епархіі даты. У прыватнасці, дзесяцігоддзе кананізацыі першага новамучаніка Беларусі Канстанціна Жданава, якое будзе адзначацца ў гэтым годзе, і 1030-годдзе Полацкай епархіі, якое будзе святкавацца ў 2022 годзе. Уладыка Ігнацій таксама прывёў словы псалмапеўца Давіда: «Сапраўды выдатна, калі людзі жывуць у міры», — заклікаўшы ўсіх імкнуцца да міру паміж сабой, пачынаючы з адносін у сям'і і грамадстве. «Мір — гэта тое, што запаведаў нам Хрыстос, таму той, хто захоўвае мір, выконвае запаведзь Хрыста», — нагадаў епіскап.