Падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Мінскай мітраполіяй

12 ліпеня 2019

top.jpg

11 ліпеня 2019 года ў круглай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Мінскім абласным выканаўчым камітэтам і Мінскай мітраполіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.

У цырымоніі ўзялі ўдзел: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; Анатоль Міхайлавіч Ісачанка, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі; благачынныя епархій Мінскай мітраполіі, супрацоўнікі аблвыканкама, а таксама дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі.

Прыбыўшы ў Нацыянальную бібліятэку, Патрыяршы Экзарх, старшыня Мінскага аблвыканкама і архіерэі Мінскай мітраполіі агледзелі фотавыставу, прысвечаную царкоўна-грамадскаму жыццю ў межах Мінскай вобласці. Агляд экспазіцыі суправаджаўся жывой музыкай у выкананні ансамбля «Амелія» Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага.

Сустрэча працягнулася паказам дакументальнага фільма «Разам на шляху духоўнасці і веры», што апавядала аб укладзе Царквы ў захаванне традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў цырымоніі звярнуўся старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Адзначыўшы значнасць ролі Праваслаўнай Царквы ў гісторыі Беларусі і ў жыцці сучаснага беларускага грамадства, кіраўнік сталічнага рэгіёна выказаў надзею на тое, што супрацоўніцтва Мінскага аблвыканкама і Мінскай мітраполіі прынясе добры плён.

Далей усіх прысутных цёпла вітаў мітрапаліт Павел, які падкрэсліў важнасць аб'яднання намаганняў Царквы і дзяржавы ў адказнай місіі маральнага аздараўлення грамадства і ў першую чаргу — у выхаванні моладзі на аснове вечных духоўна-маральных каштоўнасцяў. Уладыка Экзарх падзякаваў кіраўніцтву Мінскай вобласці і Нацыянальнай бібліятэкі за падтрымку сацыяльна значных ініцыятыў Царквы і пажадаў прысутным дапамогі Божай у працы на карысць Айчыны.

Затым адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Мінскай мітраполіяй. Пагадненне падпісалі: ад аблвыканкама — Анатоль Ісачанка, ад епархій — мітрапаліт Павел, епіскапы Веніямін, Павел і Антоній.

Урачыстае мерапрыемства завяршылася абменам памятнымі падарункамі.

Church.by

Фотарэпартаж