Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр наведаў іканапісец з Афона

31 мая 2018

3.JPG

24 мая 2018 года па запрашэнні фонду імя прападобнай Еўфрасінні Полацкай Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр наведаў іканапісец іераманах Лука, насельнік манастыра Ксенафонт на Святой Гары Афон. Іканапісная майстэрня манастыра Ксенафонт вядомая ва ўсім свеце. Многія святагорскія манастыры звяртаюцца да айца Лукі для роспісу сваіх храмаў. З 15 гадоў ён прысвяціў сябе іканапісу і сёння нясе послух іканапісца ў манастыры Ксенафонт.

Ігумення Еўдакія з сёстрамі сустрэла гасцей ля святой брамы манастыра. Госці наведалі Крыжаўздзвіжанскі сабор, дзе пакланіліся мошчам прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Таксама матушка ігумення правяла аглядную экскурсію ў Спаса-Праабражэнскім храме, дзе распавяла гісторыю стварэння царквы, старажытных фрэсак, што цудам захаваліся праз дзевяць стагоддзяў.

Вядучы спецыяліст сектара архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург) Пётр Зыкаў распавёў аб археалагічных працах Спаса-Праабражэнскага храма.

Матушка ігумення таксама паказала гасцям тэрыторыю манастырскага комплексу, распавяла аб жыцці абіцелі і асноўных послухах сясцёр.

Пасля экскурсіі іераманах Лука сустрэўся з насельніцамі манастыра. Ён расказаў аб укладзе паўсядзённага жыцця манастыра Ксенафонт на Святой гары Афон, яго святынях, мясцовых манастырскіх традыцыях і адказаў на пытанні сясцёр. Прастата і пакорлівасць, манаскі вопыт і духоўная развага адчуваліся ў словах айца Лукі.

— Ніколі не забывайце, па якой прычыне вы прыйшлі ў манастыр. Вы тут, каб укрыжоўвацца з Хрыстом. Менавіта гэта дапаможа вам захаваць першапачатковую рэўнасць у вашых сэрцах, — адказаў айцец Лука на адно з пытанняў насельніц.

Іераманах Лука звярнуў увагу на важнасць паслухмянасці, пакоры і любові паміж сёстрамі.

— Як у трывалым будынку, падмуркам для манаскага жыцця павінны стаць паслухмянасць і пакора, а дахам, які абароніць сцены ад разбурэння, — любоў, — сказаў айцец Лука.

Іераманах Лука таксама сустрэўся з сёстрамі, якія нясуць послух у іканапіснай майстэрні, і падзяліўся з імі сваім шматгадовым досведам. Ён распавёў аб некаторых тэхнічных асаблівасцях напісання абразоў у класічных традыцыях візантыйскай культуры. Сёстры абіцелі былі кранутыя шчырасцю і прастатой айца Лукі і засталіся ўдзячнымі за сумесную гутарку.

Сустрэча з іераманахам Лукой стала для сясцёр Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі падзеяй, якая дазволіла дакрануцца да шматвекавых традыцый Святой Гары і яшчэ бліжэй пазнаёміцца з сучасным манаскім жыццём на Афоне. 

Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр / Church.by