Пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з нагоды 30-годдзя ўтварэння Беларускага Экзархату

28 верасня 2019

top.jpg

Узлюбленыя ў Госпадзе браты архіпастыры, пачэсныя прасвітары і дыяканы, багалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Трыццаць гадоў таму, восенню 1989 года, рашэннем Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена быў утвораны Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату. Цяпер мы малітоўна і ўрачыста адзначаем гэтую знамянальную гадавіну, якая стала адной з найважнейшых падзей на ўсім гістарычным шляху Праваслаўнай Царквы на беларускай зямлі.

У дваццатым стагоддзі Руская Праваслаўная Царква перажыла страшныя гады ліхалецця, уключаючы вельмі жорсткае ганенне на Царкву і разбуральныя вайны, якія нанеслі краіне, Царкве і народу нашаму незаменныя страты, неапраўданыя пакуты і разруху. Да моманту ўстанаўлення Экзархату на тэрыторыі нашай краіны існавала толькі адна праваслаўная епархія — Мінская.

У 1989 годзе Архіерэйскі Сабор зацвердзіў рашэнне Свяшчэннага Сінода аб аднаўленні Полацкай, Магілёўскай і Пінскай епархій, якія разам з Мінскай епархіяй і склалі Беларускі Экзархат. Першым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Свяшчэнны Сінод прызначыў Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), з тытулам — мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У цяперашні час мітрапаліт Філарэт з'яўляецца ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Мінулыя трыццаць гадоў з дня заснавання Экзархату з'явіліся пацвярджэннем слоў Госпада Іісуса Хрыста: Збудую Царкву Маю, і вароты пякельныя не адолеюць яе (Мф. 16:18). Беларускі Экзархат ствараўся на руінах і велізарным папялішчы, пасля дзесяцігоддзяў страшных ганенняў, узведзеных на Царкву багаборніцкай уладай. Бязбожнікі абвясцілі Беларусь узорна-паказальнай атэістычнай рэспублікай і рабілі ўсё, каб знішчыць Царкву на нашай шматпакутнай зямлі — але ніякія ганенні і прыгнёт не змаглі цалкам загасіць агонь веры Хрыстовай у сэрцах людзей. Стварэнне Беларускага Экзархату стаў пунктам адліку адраджэння паўнавартаснага царкоўнага жыцця ў Беларусі.

У цяперашнія святочныя юбілейныя дні мы закліканы падзякаваць Госпаду за Яго незлічоныя міласці, праяўленыя да нашага народу на працягу ўсяго гістарычнага быцця, і звярнуць словы самай сардэчнай і шчырай падзякі да ўсіх сучасных падзвіжнікаў — Высокапраасвяшчэннейшаму мітрапаліту Філарэту, архіпастырам, пастырам, набожным міранам, руплівасць якіх на мяжы XX і XXI стагоддзяў лягла ў падмурак адроджанай Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Сёння Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату — гэта жывы сад Царквы Хрыстовай, у склад якога ўваходзіць: 15 епархій, 11 мужчынскіх і 24 жаночых манастыры, больш за адну тысячу шасцісот парафій. У межах Экзархату нясуць сваё служэнне 18 архіерэяў. З года ў год утвараюцца новыя прыхадскія абшчыны, будуюцца новыя і аднаўляюцца старадаўнія храмы, здзяйсняюцца хіратоніі свяшчэннаслужыцеляў і манаскія пострыгі.

На высокі ўзровень паднятая сістэма багаслоўскай адукацыі, сведчаннем чаго з'яўляецца праца Мінскай духоўнай акадэміі, Мінскай і Віцебскай духоўных семінарый, Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, трох епархіяльных духоўных вучэльняў. Паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой падпісана і канструктыўна рэалізуецца пагадненне аб супрацоўніцтве, дзякуючы якому дзяржава і Царква аб'ядноўваюць намаганні ў справе духоўна-маральнага выхавання і аздараўлення нашага грамадства.

Пры асэнсаванні гэтых рэалій ўспамінаюцца словы запаведзі Хрыста Спасіцеля: Да чаго падобна Царства Божае, і з чым параўнаю яго? яно падобна да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзíў у садзе сваім; і яно вырасла, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя сялíліся ў голлі яго. (Лк. 13:18-19). Утварэнне Беларускага Экзархату была тым самым «зярняткам», якому Гасподзь судзіў прынесці багаты і добры плод.

За мінулыя тры дзесяцігоддзі ў свядомасці практычна кожнага чалавека цвёрда ўкаранілася перакананне, што Царква і дзяржава — гэта два крыла шчаснага і мірнага жыцця нашага набожнага беларускага народа. Вера праваслаўная, як пуцяводная зорка, здольная правесці кожнага жыхара нашай краіны праз усе нягоды жыццёвыя, а таго, хто шукае Царства Божага і праўды Яго (Мф. 6:33) — прывесці да крыніцы жыцця вечнага — Хрыста і Бога нашага. Пад благадатнай засцярогай Беларускай Праваслаўнай Царквы, у яе таінствах людзі могуць здабыць не толькі ўсё патрэбнае для запаветнай сустрэчы з Богам, але і самае галоўнае — спасенне сваёй несмяротнай душы і ўваходжанне брамай малітвы і добрых спраў у жыццё вечнае і ў Царства Айца нашага Нябеснага.

Варта адзначыць яшчэ адзін важны факт — Беларускі Экзархат быў утвораны напярэдадні абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Памятаючы пра гэтую гістарычную азнаку, мы павінны імкнуцца да самай галоўнай незалежнасці ў жыцці хрысціяніна — незалежнасці ад зла і ўсякага граху. Святы першавярхоўны апостал Павел заклікае нас, прапаведуючы свабоду ад угаджэння нізкім запалам і заганам, стаяць у свабодзе, дзеля якой Хрыстос вызваліў нас, і не аддаваць сябе зноў у ярмо рабства (Гал. 5:1). На ўсім нашым жыццёвым шляху мы, дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, закліканыя перамагаць зло дабром (Рым. 12:21) і сцвярджаць прысутнасць Божую ў гэтым свеце шляхам дзейнай любові да блізкіх. Наш святы абавязак — быць соллю зямлі Беларускай (Мф. 5:13), і ніхто не выканае гэтую Богазапаведаную місію за нас.

Дарагія Праасвяшчэнныя архіпастыры, айцы, браты і сёстры! Адзначаючы 30-годдзе Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату, адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам малітоўна усклікнем: «Русь Святая, захоўвай веру Праваслаўную, у ёй тваё ўмацаванне!»

Заступніцтвам Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі і ўсіх святых, якія ў зямлі нашай праславіліся, дапамагай нам, Госпадзе, і далей захоўваць сыноўнюю вернасць Табе, свята ахоўваць у бездакорнасці дагматы веры нашай, строга трымацца канонаў Царквы, захоўваць Царкоўнае адзінства, а найперш — знаходзіцца ў міры, духоўнай радасці і любові, якая з’яўляецца сукупнасцю дасканаласці. (Кал. 3:14). Амінь.

+ ПАВЕЛ,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі