Праваслаўныя гамяльчане ўшанавалі памяць княгіні Ірыны Паскевіч

03 жніўня 2020

top.jpg

У гэтым годзе споўнілася 185 гадоў з дня нараджэння княгіні Ірыны Іванаўны Паскевіч — вядомай дабрачыннай дзяячкі, якая зрабіла шмат для Гомеля. У дзень знамянальнай гадавіны архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, духавенства і прыхаджане гомельскіх храмаў ушанавалі памяць княгіні.

Архіепіскап Сцяфан усклаў кветкі да бюсту Ірыны Паскевіч ля сцен Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора.

Ірына Іванаўна Паскевіч (1835 — 1924) — святлейшая княгіня Варшаўская, графіня Эрыванская, нявестка палкаводца Івана Паскевіча, апошняя ўладальніца Гомельскага маёнтка. Бацька, Іван Іларыёнавіч Варанцоў, — дзейны тайны саветнік, член Дзяржаўнага савета, пляменнік Кацярыны Раманаўны Дашковай. У 1807 годзе ўказам імператара Аляксандра I яму было дазволена далучыць да свайго прозвішча Дашковых і называцца надалей усяму роду графамі Варанцовымі-Дашковымі.

Гомель многім абавязаны княгіні. Сваю ўвагу, сваю любоў Ірына Іванаўна дарыла гамяльчанам без астатку. Размах яе дабрачыннай дзейнасці быў сапраўды грандыёзным: стварэнне бальніц, гінекалагічнай і вочнай лякарняў, багадзельні і бясплатнай сталовай... падчас Першай сусветнай вайны княгіня зладзіла некалькі шпіталяў і лазарэтаў.

Ірына Іванаўна клапацілася аб тых, хто жыў у нястачы, выплачвала маламаёмасным дзецям стыпендыі, а найбольш здольных адпраўляла за мяжу для прадаўжэння навучання. Для падтрымкі дзяцей рознага веравызнання пад старшынствам Ірыны Паскевіч было заснавана Таварыства дапамогі навучэнцам. На сродкі княгіні былі адкрыты чатыры прыватныя народныя вучэльні, дзякуючы яе дапамозе здабылі новыя будынкі Добрушскае двухкласнае народнае і Гомельскае мужчынскае парафіяльныя вучылішчы.

Удзячныя гамяльчане ў канцы XIX стагоддзя назвалі адну з цэнтральных вуліц горада ў гонар княгіні — Ірынінскай.

Гомельская епархія / Church.by