Свята вуліцы арганізаваў для гамяльчан Мікольскі манастыр
28 мая 201926 мая Мікольскі мужчынскі манастыр Гомеля стаў пляцоўкай для свята. Арганізатары назвалі яго «Свята вуліцы», вырашыўшы адзначыць вяртанне вуліцы гістарычнай назвы — Мікольская.
У 1904 годзе чыгуначныя рабочыя Гомеля па благаславенню святога Іаана Кранштацкага і пры яго фінансавай падтрымцы ўзвялі царкву ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. У гэтай добрай справе паўдзельнічалі многія знакамітыя і шчодрыя жыхары горада. Мікольскай стала называцца і вуліца, на якой з'явіўся храм.
Пасля перавароту 1917 года новая ўлада назвала вуліцу па-новаму. Пралетарскі паэт Дзям'ян Бедны, без сумневу, нават не ведаў, што ў беларускім горадзе вуліца носіць яго імя.
Мікольскі храм ацалеў у часы смут і ліхалеццяў. У 1994 годзе пры ім пасяліліся першыя паслушнікі, утварыўся мужчынскі манастыр.
Праз 10 гадоў манаская абшчына ўпершыню звярнулася да гарадскіх уладаў з просьбай вярнуць вуліцы гістарычную назву — Мікольская. На працягу 15 апошніх гадоў вялася перапіска. І вось 19 кастрычніка 2018 года дэпутаты Гомельскага гарсавета прынялі рашэнне: «У Гомелі вуліца Дзям'яна Беднага перайменавана ў Мікольскую».
Радасную падзею насельнікі абіцелі вырашылі адзначыць у першую нядзелю пасля дня памяці свяціцеля Мікалая Цудатворца, зладзіўшы свята для жыхароў вуліцы.
Экскурсія па манастыры, канцэрт класічнай музыкі ад камернага ансамбля «Класік» з Гомельскіх гарадскіх аркестраў, гульні для дзяцей, чай з пірагамі ды цукеркамі для ўсіх жадаючых — такім запомнілася свята гамяльчанам.