Старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў удзел у прэзентацыі першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове
21 снежня 201719 снежня 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове. У мерапрыемстве па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прыняў удзел епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы. На прэзентацыі прысутнічалі таксама рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў), член Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, адказны рэдактар перакладу Новага Запавету на беларускую мову протаіерэй Сергій Гардун, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сергій Лепін, адказны сакратар Каардынацыйнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях супрацоўніцтва іерэй Святаслаў Рагальскі.
Да ўдзельнікаў прэзентацыі звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Ён адзначыў, што прэзентуемы пераклад быў створаны за 15 гадоў. Прымаючы пад увагу тое, што беларуская царкоўная тэрміналогія знаходзіцца ў стадыі станаўлення і патрабуе ўдасканалення, праца перакладчыкаў насіла не столькі тэхнічны, колькі творчы характар. Усяго вядома каля 30 перакладаў Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Сярод перакладчыкаў — каталікі, праваслаўныя, пратэстанты.
На думку арцыбіскупа, прыйшоў час з апорай на сусветны вопыт падумаць аб перакладзе Старога Запавету і аб міжхрысціянскім перакладзе Бібліі.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета БПЦ, які нагадаў, што 15 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя Новага Запавету, перакладзенага праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову з старажытнагрэчаскага арыгіналу. На яго думку, з'яўленне адначасова двух перакладаў — знак часу, сведчанне таго, што грамадствам запатрабаваныя тэксты Свяшчэннага Пісання на роднай мове беларускага народа.
Доктар біблейскай тэалогіі Марына Пашук выступіла з дакладам, у якім, у прыватнасці, было адзначана, што адметнай асаблівасцю прэзентаванага перакладу Новага Запавету на беларускую мову з'яўляецца наяўнасць дадаткаў, у якіх размешчаны геаграфічныя карты тагачаснага свету, біблейскі слоўнік, а таксама храналагічная табліца падзей, звязаных з агульнай гісторыяй чалавецтва.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узнагародзіў ганаровымі граматамі спецыялістаў, якія прынялі ўдзел у перакладзе Новага Запавету і яго выданні, а таксама ўручыў ганаровым гасцям выданні Новага Запавету.
Арганізатарамі прэзентацыі выступілі Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.