У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя перакладу Новага Запавету на беларускую мову

15 лістапада 2017

top.jpg

15 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя перакладу Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на сучасную беларускую мову («Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста». — Мінск, 2017).

Прэзентацыю ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Удзел у ёй прынялі: Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі, архіерэі і духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі і прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, кіраўнікі, выкладчыкі і навучэнцы духоўных школ і свецкіх вышэйшых навучальных устаноў.

Арганізатарамі прэзентацыі выступілі: Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы (старшыня — епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел) і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Протаіерэй Сергій Гардун, член Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у сваім дакладзе распавёў, як вялася карпатлівая навуковая і перакладчыцкая праца на працягу дваццаці пяці гадоў. Выступоўца зрабіў агляд існуючых перакладаў Новага Запавету на беларускую мову. Указаў на выяўленыя іх добрыя якасці і недахопы і распавёў, як вялася ў камісіі шматгадовая праца.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся мітрапаліт Павел. Архіпастыр падкрэсліў, што пераклад Новага Запавету на сучасную літаратурную беларускую мову, выкананы на высокім прафесійным узроўні, з'яўляецца падзеяй агульнанацыянальнага маштабу. Уладыка Экзарх выказаў сардэчную падзяку ўсім, хто працаваў над перакладам, тым самым працягваючы ў 21-м стагоддзі асветніцкую місію роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія і беларускага першадрукара Францыска (у Хрышчэнні Георгія) Скарыны.

Задавальненне перакладам Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову выказалі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Мікалаеўна Анісім.

Прывітальны адрас Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Паўлавіча Бондара зачытаў начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Мечыслававіч Чэрнік.

Патрыяршы Экзарх уручыў царкоўныя ўзнагароды членам Біблейскай камісіі і супрацоўнікам Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія асабліва рупіліся ў справе перакладу і яго выдання.

Асобнік кнігі «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» ў скураным пераплёце быў перададзены ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У сваю чаргу, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі ўручыў мітрапаліту Паўлу апошні том факсімільнага выдання Бібліі, надрукаванай Францыскам Скарынай.

Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска (рэгент — Віталь Сабалеўскі) выканаў духоўныя спевы, гімн «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай, а таксама песні на словы класікаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У завяршэнне было абвешчана мнагалецце беларускаму народу.

* * *

У 2017 годзе ў жыцці Беларусі адбылося знамянальная падзея — да 500-годдзя з дня выдання Францыскам (у Святым Хрышчэнні Георгіем) Скарынай Псалтыра Беларуская Праваслаўная Царква выдала Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філолагамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэчаскага арыгіналу. Да сённяшняга дня ні адзін з раней зробленых перакладаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету на беларускую мову не мог лічыцца афіцыйным і агульнапрынятым, паколькі ўсе яны былі аўтарскімі, ажыццяўляліся з ужо наяўных перакладаў, не заўсёды адпавядалі нормам сучаснай беларускай мовы і царкоўнай тэрміналогіі.

«Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» — плён саборнай перакладчыцкай дзейнасці членаў Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія распачалі гэтую працу 25 гадоў таму па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта (Вахрамеева), цяпер Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у супрацоўніцтве з Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь. Над перакладам працавалі: протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя; протаіерэй Аляксандр Пачопка, бакалаўр багаслоўя; Іван Чарота, доктар філалагічных навук; Уладзімір Васілевіч, кандыдат філалагічных навук; Алесь Кароль, кандыдат багаслоўя, Таццяна Матрунчык, выканаўчы сакратар.

Пераклад зроблены са старажытнагрэчаскага тэксту, традыцыйна ўжытнага ў Праваслаўнай Царкве. У працэсе сваёй працы Біблейская камісія ўважліва аналізавала і ўлічвала ранейшыя спробы перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову (працы Л. Дзекуць-Малея і В. Гадлеўскага, Я. Станкевіча, П. Татарыновіча, У. Чарняўскага, М. Міцкевіча, В. Сёмухі, А. Клышкі). Выкарыстоўваліся таксама розныя пераклады Бібліі на рускую, украінскую, польскую, англійскую і іншыя мовы.

Выданне ажыццёўлена пад агульным кіраўніцтвам Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, пры ўдзеле Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь і ТАА «Медиал». Кніга надрукавана накладам у 6 тысяч асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. З іх 500 асобнікаў — падарункавыя, у скураной вокладцы з залатым абрэзам. Тэкст надрукаваны ў дзве фарбы, маюцца графічныя застаўкі з традыцыйнымі для кожнай з кніг Новага Запавету сюжэтамі. Макет кнігі падрыхтаваны Брацтвам святых Віленскіх мучанікаў. Над мастацкім афармленнем працаваў Валерый Сенчанка, камп'ютарнай вёрсткай — Андрэй Дземчанка. Надрукаваны наклад у праваслаўнай друкарні «Orthdruk» (Беласток, Польшча).

Church.by

Фотарэпартаж