Старшыня СІНФА БПЦ: Праваслаўе — не «кулінарная рэлігія»
14 жніўня 2017Благаславенне ўраджаю на «Спасы» — традыцыя, але не сутнасць свята. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.
«На жаль, вельмі часта народ канцэнтруе сваю ўвагу не на сутнасці таго ці іншага свята, а на дадатковых і другарадных яго абставінах. Багаслоўе і гісторыя святых дзён знаходзяцца ў забыцці і незапатрабаванасці, затое выпадковыя, але ўспрымаемыя навобмацак формы абраднасці становяцца ледзь ці не галоўнымі, — адзначыў айцец Сергій. — Таму і тыя ўрачыстасці, падчас якіх благаслаўляюць што-небудзь ядомае, карыстаюцца ў народа асаблівай любоўю і пашанай, у выніку старонняму назіральніку можа здацца, што Праваслаўе ўяўляе сабой якую-небудзь кулінарную рэлігію».
Протаіерэй Сергій заклікаў называць святы сваімі імёнамі. Сёння, напрыклад, ніякі не «Мядовы Спас», а Вынясенне пачэсных дрэў Крыжа Гасподняга.
«Гэтае свята зарадзілася ў дзевятым стагоддзі ў Канстанцінопалі. У жніўні ў тых краях часта бывалі эпідэміі, таму і прынята было ў самым пачатку месяца (1 жніўня па старым стылі) праходзіць па ўсім горадзе хрэсным ходам з галоўнай святыняй хрысціянскага свету: з Крыжам Гасподнім — тым самым, на якім некалі быў укрыжаваны Хрыстос. Пакланенне Крыжу і выпрошванне ў Госпада здароўя і збавення ад пагрозлівых бед і эпідэмій — вось галоўная ідэя свята. Ёсць старажытная біблейская традыцыя прыносіць у храм для благаславення «пачаткі» — самыя першыя плады ўраджаю, або некаторую частку ўраджаю, альбо іншыя вынікі сваёй працы. Дзеля зручнасці і па-за прамой сувяззю з сутнасцю святаў з цягам часу ўсталявалася традыцыя рабіць гэта ў святочныя дні. На Вынясенне пачэсных дрэў Крыжа Гасподняга прынята асвячаць мёд, калодзежы. Асобную заўвагу трэба зрабіць адносна народнай традыцыі прыносіць у храмы мак. З аднаго боку, чаму не, калі гаворка ідзе аб пэўным прадукце. З іншага боку, трэба ўлічыць, што ў гэты ж дзень ушаноўваюць памяць святых мучанікаў Макавеяў, але, людзі, не ведаючы, хто такія Макавеі, думаюць, што гаворка ідзе аб нейкім «веянні маку». Настойліва рэкамендую звярнуць увагу і на тое, што ў нашай краіне забароненая грамадзянская культывацыя маку, таму прыходзіць у храмы з букетамі дамарослых макавых струкоў не варта», — параіў айцец Сергій.