Старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства БПЦ протаіерэй Павел Сярдзюк: «Медыяпрастора дае выключныя магчымасці для фарміравання і ўмацавання сямейных каштоўнасцяў» [+відэа]

22 верасня 2021

top.jpg

22 верасня 2021 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся круглы стол на тэму: «Умацаванне сямейных каштоўнасцяў у інфармацыйнай прасторы. Вопыт экспертнай ацэнкі».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, Фонду Святога Усехвальнага апостала Андрэя Першазванага (у рэжыме анлайн), Дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў», Фонду імя Аляксея Талая, вядучых рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ.

З боку Беларускай Праваслаўнай Царквы ў круглым стале ўдзельнічалі старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Ігар Васько, старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай Праваслаўнай царквы протаіерэй Павел Сярдзюк, намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы Алег Лепешанкоў.

У сваім выступленні старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай Праваслаўнай царквы протаіерэй Павел Сярдзюк адзначыў, што медыяпрастора дае выключныя магчымасці для фарміравання і ўмацавання сямейных каштоўнасцяў. «Сённяшняе медыйнае асяроддзе ўтрымлівае сямейна-арыентаваны кантэнт, але яго можна палепшыць — а таксама ўдасканаліць якасць працы па прасоўванні сямейных каштоўнасцяў за кошт пашырэння спектру сямейна-арыентаванай медыяпрадукцыі», — канстатаваў ён.

Протаіерэй Павел Сярдзюк падзяліўся назіраннем, што нярэдка ў СМІ сямейная тэматыка асвячаецца павярхоўна і спрошчана. Гэта, на думку выступоўцы, звязана з адсутнасцю вопыту сямейнага жыцця і бацькоўства ў маладых журналістаў, якія звяртаюцца да дадзенай тэматыкі. Для павышэння якасці падрыхтоўкі матэрыялаў мэтазгодна арганізаваць 2-3 дзённыя семінары-трэнінгі для журналістаў па выкладанню сямейна-арыентаванага кантэнту з разборам наяўнага медыйнага матэрыялу, думкамі сямейных псіхолагаў, педагогаў, сацыялогаў, святароў, — выказаў прапанову святар.

Старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства Беларускай Праваслаўнай Царквы выказаў упэўненасць, што для паляпшэння работы па прасоўванні сямейных каштоўнасцяў у медыяпрасторы патрэбна агульная праграма дзеянняў дзяржавы, Царквы і грамадскіх арганізацый. Такі комплексны падыход паслужыць актывізацыі, далейшаму фарміраванню і перадачы сямейных каштоўнасцяў дзецям і моладзі, таму што сям'я — гэта тыл і падмурак, на якім адбываецца наша станаўленне, — рэзюмаваў протаіерэй Павел Сярдзюк.

Фота і відэа: dompressy.by

 Church.by