Прадстаўнік Беларускага Экзархату прыняў удзел у Санкт-Пецярбургскіх Калядных чытаннях

08 снежня 2018

top.jpg

3 снежня 2018 года ў выставачным комплексе «Расія — мая гісторыя» ў Санкт-Пецярбургу прайшоў рэгіянальны этап Калядных адукацыйных чытанняў «Моладзь: свабода і адказнасць».

У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі Санкт-Пецярбургскай епархіі, органаў улады, адукацыйных устаноў, сацыяльныя работнікі, а таксама дзеячы культуры і мастацтва. Вялі сустрэчу старшыня епархіяльнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Ілья Макараў і студэнт Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Давід Баброў.

Чытанні адкрыліся выступленнем аркестра кансерваторыі пад кіраваннем рэктара Аляксея Васільева і жаночага хору музычнага вучылішча імя Мікалая Рымскага-Корсакава пад кіраваннем Сабіны Жалмухамедавай. Музыканты ўпершыню выканалі «Перадкалядны гімн» (музыка Сяргея Якімава, словы іерэя Ільі Макарава), які быў напісаны спецыяльна для чытанняў напярэдадні свята Ражджаства Хрыстовага.

Прывітальнае слова мітрапаліта Санкт-Пецярбургскага і Ладажскага Варсанофія зачытаў старшыня епархіяльнага моладзевага аддзела протаіерэй Канстанцін Галавацкі.

Старшыня Аддзела па сувязях з рэлігійнымі аб'яднаннямі адміністрацыі Санкт-Пецярбурга Уладзімір Іваноў зачытаў прывітанне віцэ-губернатара горада Аляксандра Гаварунова. У прывітальным слове, у прыватнасці, адзначаецца, што Калядныя чытанні сталі знакавай падзеяй у культурным і духоўным жыцці горада, яны дапамагаюць выпрацаваць рэкамендацыі, накіраваныя на стварэнне спрыяльных і плённых адносін паміж удзельнікамі выхаваўчага працэсу.

Старшыня камітэта па адукацыі Санкт-Пецярбурга Жанна Вараб'ёва распавяла аб адукацыйных праграмах у школах, прысвечаных духоўна-маральнаму выхаванню, аб праектах, арганізаваных камітэтам сумесна з Санкт-Пецярбургскай епархіяй. «Галоўная педагагічная складанасць маральнага выхавання заключаецца ў тым, што маральнасці нельга навучыць, — сказала яна. — Мы можам культываваць у выхаванцаў імкненне здзяйсняць маральныя ўчынкі. Духоўнае-маральнае выхаванне ажыццяўляецца на аснове гуманістычных каштоўнасцяў. Зараз, калі ў адукацыйныя праграмы ўключаны асновы рэлігійнай культуры і свецкай этыкі і асновы духоўна-маральнага выхавання народаў Расіі, у педагогаў з'явіўся дадатковы інструмент выхавання маральнасці сярод навучэнцаў».

Рэктар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі епіскап Пецяргофскі Серафім павіншаваў прысутных са святам Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы, падкрэсліўшы, што з гэтага свята падчас богаслужэнняў пачынаюць выконвацца калядныя спевы.

«Малады чалавек, перад якім адкрываюцца шырокія гарызонты і вялікія перспектывы, глядзіць далёка наперад і напоўнены жаданнем змяніць свет да лепшага, зрабіць яго больш свабодным і справядлівым — сказаў уладыка Серафім. — У гэтым сэнсе жаданне маладога чалавека цалкам адпавядае місіі Царквы і яе прызначэнню, таму што Царква існуе менавіта для таго, каб змяняць свет да лепшага, рабіць яго свабодным і адказным, напаўняць наша паўсядзённае жыццё сэнсам. Свабода — гэта найважнейшая катэгорыя чалавечага жыцця, якая тычыцца сацыяльных адносін, педагогікі, палітыкі, псіхалогіі. Для людзей Царквы Свабода — яшчэ і багаслоўскае паняцце, таму што чалавек, паводле Свяшчэннага Пісання, створаны як таямнічы вобраз Божы, і адным з аспектаў чалавечага быцця з'яўляецца Свабода. Чалавек вольны ў самым галоўным — у сваім выбары, у любові. Бо палюбіць Бога і бліжняга немагчыма па прымусу, гэта можа быць толькі актам нашага свабоднага волевыяўлення».

«Сёння мы гаворым аб свабодзе і адказнасці ў кантэксце праблем моладзі, — працягнуў уладыка рэктар. — Можа быць, ніхто гэтак жа, як моладзь, не схільны да спакусы барацьбы за лжывыя ідэалы, за ўяўную свабоду. Малады чалавек можа адстойваць сваю асабістую свабоду ад бацькоў, але ў той жа час быць у поўнай залежнасці ад камп'ютэрных тэхналогій, ліхіх і разбуральных звычак. Такім чынам, чалавек можа наіўна лічыць сябе свабоднай асобай, будучы на самай справе рабом граху. І ўсё гэта адбываецца пад лозунгам барацьбы за свабоду. Апостал Павел казаў: «Усё мне дазволена, але не ўсё карысна» (1 Кар. 6: 12). Чалавек, які ведае Божыя запаведзі, усведамляе і сваю свабоду, і сваю адказнасць. Свабода — гэта Божы дар любові, а значыць, сапраўдная свабода караніцца ў сапраўднай любові да Бога і да чалавека. Адказнасць за наша жыццё, за тое, як мы ім распараджаемся і як рэалізуем яго, — гэта наш адказ перад Богам, грамадствам, блізкімі і перад сабой. Адказнасць — яшчэ і паказчык сталасці чалавека, ёй вучацца ўсё жыццё».

«Неабходныя сумесныя намаганні педагагічнай супольнасці і Царквы для таго, каб маладое пакаленне магло рэалізоўваць свае імкненні да свабоды, усведамляючы, на чым яна грунтуецца і ў чым выяўляецца, вучачыся пры гэтым адказнасці і сталасці», — сказаў на заканчэнне ўладыка Серафім.

Начальнік аддзела мастацтваў і развіцця ў сферы культуры Таццяна Арлова зачытала прывітанне старшыні Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга Канстанціна Сухенкі.

Старшыня Аддзела па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Іаан Задарожын перадаў прывітанне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла і адзначыў, што адукацыйныя чытанні звернутыя ў першую чаргу не да моладзі, а да дарослых людзей, паколькі свабода і адказнасць — гэта якасці, уласцівыя сфарміраванай асобе, даросламу чалавеку, які павінен навучыць моладзь правільна распараджацца свабодай і праяўляць адказнасць.

Загадчык сектара мерапрыемстваў і конкурсаў Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іераманах Трыфан (Умалатаў) перадаў словы прывітання старшыні Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі мітрапаліта Растоўскага і Новачаркаскага Меркурыя, падкрэсліўшы, што адной з асноўных задач для Царквы і педагагічнай супольнасці з'яўляецца дапамога ў прыняцці верных рашэнняў, якія павінна зрабіць моладзь на шляху сталення. Добрым прыкладам працы з моладдзю айцец Трыфан лічыць конкурс «За маральны подзвіг настаўніка», у якім прызавыя месцы ў другі раз занялі прадстаўнікі Санкт-Пецярбурга, а таксама Міжнародны конкурс «Прыгажосць Божага свету», у якім прадстаўнікі Санкт-Пецярбурга таксама занялі два прызавых месцы.

Старшыня Саюза праваслаўных прадпрымальнікаў Санкт-Пецярбурга Уладзіслаў Жуковіч адзначыў, што магчымасці XXI стагоддзя спараджаюць у моладзі адчуванне лжывай свабоды, аднак на самай справе гэта залежнасць ад выгод цывілізацыі.

Далей адбыўся круглы стол «Стан свабоды», мадэратарам якога выступіў прадстаўнік студэнцкага савета Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Серафім Дэйнес. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі аддзела па справах моладзі Санкт-Пецярбургскай епархіі, студэнты Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. А. І. Герцэна і Някрасаўскага каледжа.

На другой пляцоўцы Гістарычнага парку ў гэты ж час пачаў працу круглы стол «Інфармацыйная адказнасць», прысвечаны рабоце СМІ. Мадэратарам стала Таццяна Салаўёва, прадстаўнік Цэнтра падрыхтоўкі царкоўных спецыялістаў пры Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі ў рамках інфармацыйнай дзейнасці. У круглым стале прынялі ўдзел прэс-сакратар Валаамскага манастыра Міхаіл Шышкоў, тэлевядучая Алена Снітоўская, філосаф, рэлігіязнаўца, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Кіра Праабражэнская, памочнікі благачынных епархіі, дырэктары ЦДЯА, прадстаўнікі епархіяльных СМІ.

У завяршэнне адбылося ўзнагароджанне пераможцаў дзіцячых і педагагічных конкурсаў аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Санкт-Пецярбургскай епархіі.

Патрыярхія.ru / Church.by