Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь абмеркавалі ход рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва
29 верасня 202128 верасня 2021 года ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой, на якім абмяркоўваўся ход рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва БПЦ з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
У нарадзе прынялі ўдзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч, святары Беларускага Экзархату, прадстаўнікі міністэрства і ўстаноў аховы здароўя.
На Каардынацыйным савеце былі прадстаўлены праекты БПЦ і Міністэрства аховы здароўя РБ, рэалізацыя якіх запланавана ў рамках праграмы супрацоўніцтва на 2021-2025 гады; абмяркоўваліся шляхі сумеснага вырашэння такіх праблем, як рознага роду залежнасці; разглядаліся спосабы ўзаемадзеяння ў аказанні псіхалагічнай дапамогі пры крызісных сітуацыях; агучваліся магчымасці аказання духоўнай дапамогі ў рамках медыцынскіх устаноў. Таксама была закранута тэма супрацоўніцтва БПЦ і службы аховы мацярынства і дзяцінства па пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя, прафілактыкі абортаў і ўмацавання здароўя сям'і.
Выступаючы перад членамі Каардынацыйнага савета міністр аховы здароўя адзначыў, што «ўзаемадзеянне Міністэрства аховы здароўя і БПЦ носіць сістэмны характар і ўключае такія напрамкі, як сям'я, прафілактыка абортаў, здаровы лад жыцця, псіхічныя захворванні і іншыя».
Патрыяршы Экзарх звярнуў увагу на тое, што святары лечаць душу чалавека, а медыцынскія работнікі — цела. Таму, зыходзячы з ўзаемасувязі духоўнага і фізічнага здароўя чалавека, святары і ўрачы абавязкова павінны ўзаемадапаўняць адно аднаго ў аказанні дапамогі пакутным.
У сваім выступленні старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца» горада Мінска протаіерэй Кірыл Шолкаў праінфармаваў аб шэрагу сумесных праектаў аддзела і Міністэрства аховы здароўя. У іх ліку дапамога царквы на рэгулярнай аснове хоспісам і палатам сястрынскага догляду ў выглядзе абсталявання, расходных матэрыялаў і сродкаў гігіены, наведванне праваслаўнымі добраахвотнікамі пацыентаў хоспісаў і палат сястрынскага догляду, стварэнне інтэрнэт-рэсурсу для арганізацыі сумеснай духоўнай і псіхалагічнай дапамогі людзям, якія знаходзяцца на мяжы суіцыду.
«Пандэмія COVID-19, якая спасцігла сусветную супольнасць 2020-2021 гадах, наклала пэўныя карэктывы на працу ўсіх праектаў. Усе сілы, як Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні БПЦ, так і іншых структур БПЦ былі кінутыя на дапамогу пацыентам з каронавіруснай інфекцыяй, медыцынскім работнікам і лячэбным установам», — падвёў вынікі мінулага года протаіерэй Кірыл Шолкаў.
Кіраўнік Каардынацыйнага цэнтра БПЦ па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагалізму ў гонар святога мучаніца Баніфацыя, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Няўпіўная Чаша» ў горадзе Мінску протаіерэй Дыянісій Пясецкі праінфармаваў аб тым, як святарамі БПЦ наладжана праца па супрацьдзеянню алкагольнай, наркатычнай і іншым відам хімічнай залежнасці ў Беларусі, а таксама прафілактыцы суіцыдаў сярод насельніцтва. Выступоўца падзяліўся вопытам работы БПЦ з людзьмі, якія ужо маюць вопыт ўжывання псіхаактыўных рэчываў і іх сваякамі. У сваім выступленні святар агучыў магчымыя кірункі супрацоўніцтва БПЦ з установамі аховы здароўя па дадзенай тэматыцы.
Затым выступіў іерэй Раман Арцёмаў — магістр філасофскіх навук, магістр псіхалогіі, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, клірык Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска, духаўнік Рэспубліканскага клінічнага цэнтра паліятыўнай дапамогі дзецям і Беларускага дзіцячага хоспіса, каардынатар духоўнай дапамогі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, імуналогіі, гематалогіі. Ён падзяліўся вопытам пабудовы пастырскай практыкі акармлення і ўзаемадзеяння са структурнымі падраздзяленнямі хоспіса і паліятыўнага цэнтра.
«Неабходнасць прысутнасці святара ў дзіцячым хоспісе і паліятыўным цэнтры з'яўляецца натуральнай патрэбай. Гэта абумоўлена як Палажэннем аб аказанні паліятыўнай дапамогі, дзе разам з псіхалагічным, медыцынскім, сацыяльным, юрыдычным суправаджэннем згадваецца і духоўная дапамога, так і прамым абавязкам пастыра быць там, дзе балюча і дрэнна, складана і непераадольна», — сказаў іерэй Раман Арцёмаў.
Паводле яго слоў, асноўны спектр дзейнасці, які ўваходзіць у разуменне духоўнай дапамогі ў хоспісах: увядзенне ў рэсурсны стан чалавека, які знаходзіцца ў крызіснай сітуацыі; здзяйсненне таінстваў і абрадаў; суправаджэнне ў момант сыходу дзіцяці яго і бацькоў; здзяйсненне адпявання; суправаджэнне бацькоў пасля сыходу дзіцяці; праца з пачуццём віны, зняцце вострых станаў сумесна з псіхалагічнай службай; пераадоленне закрытасці падапечных сем'яў для доступу спецыялістаў хоспіса. «Такія сем'і маюць патрэбу ў пастаянным суправаджэнні, і асноўная задача святара — даць зразумець людзям, што яны не адны, і ёсць чалавек, які гатовы быць з імі побач у цяжкія моманты», — растлумачыў выступоўца. Ён таксама адзначыў, што ў суправаджэнні святара мае патрэбу і персанал хоспіса.
Старшыня Сінадальнага аддзела па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства БПЦ, настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага горада Мінска протаіерэй Павел Сярдзюк у сваім выступленні падкрэсліў, што ў працы па прасоўванні сямейнага ладу жыцця, праваслаўных сямейных духоўна-маральных каштоўнасцяў і пры аказанні падтрымкі маючым патрэбу сем'ям аддзел зыходзіць з прынцыпу ўсялякага ўзаемадзеяння і шырокафарматнага супрацоўніцтва з дзяржаўнымі сацыяльнымі і медыцынскімі ўстановамі і спецыялістамі. Святар прывёў шматлікія прыклады супрацоўніцтва БПЦ з установамі аховы здароўя, якія даюць адчувальны станоўчы вынік.
У рамках пасяджэння Каардынацыйнай рады Патрыяршы Экзарх даў інтэрв'ю СМІ, у якім адказаў на пытанне журналістаў пра стаўленне Царквы да вакцынацыі ад COVID-19. Архіпастыр растлумачыў, што Царква не можа даваць тлумачэнняў па медыцынскіх пытаннях, што тычацца дзеяння вакцыны. Але па вопыце папярэдніх пакаленняў мы ведаем, што дзякуючы вакцынацыі ўдалося перамагчы многія эпідэміі і зберагчы жыццё і здароўе многім людзям. Выбар на карысць прышчэпкі або адмовы ад яе з'яўляецца індывідуальным рашэннем кожнага чалавека, якое прымаецца на аснове асабістых перакананняў, ведаў, жыццёвага вопыту, а таксама з улікам інфармацыі аб магчымых наступствах вакцынацыі, атрыманай ад медыцынскіх работнікаў, прадстаўнікоў навуковай супольнасці. Таму памылковым з'яўляецца сцвярджэнне, што прынцыповая адмова ад вакцынацыі як такой можа быць абумоўлена праваслаўным веравучэннем.