Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы наведалі мітынг-рэквіем у Трасцянцы
03 верасня 2019У мемарыяльным комплексе «Трасцянец» адбыліся дабрачынная працоўная акцыя «Дзень памяці» і мітынг-рэквіем, прымеркаваныя да 75-годдзя правядзення першага мітынгу ў памяць аб ахвярах лагера смерці, перадае карэспандэнт агенцтва «Минск-Новости».
Пасля азнаямленчай экскурсіі ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» каля 80 валанцёраў руху БРСМ «Добрае сэрца», навучэнцы навучальных устаноў сталіцы і Мінскай вобласці прынялі ўдзел у працоўным пачыне па навядзенні парадку на тэрыторыі комплексу. Пры садзейнічанні работнікаў «Зелянбуда» Заводскага раёна моладзь актыўна займалася ўборкай травы і смецця.
Некалькі гадоў таму Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння выступіў з ініцыятывай арганізацыі ў Трасцянцы штогадовых патрыятычных акцый, і актывісты БРСМ ахвотна да іх далучыліся. Для падрастаючых пакаленняў важна не толькі шанаваць памяць суайчыннікаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, але і прымаць пасільны ўдзел у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў знакавых гістарычных месцах. З кожным годам папулярнасць падобных акцый набірае абароты. Моладзь павінна ведаць гісторыю Беларусі і спрыяць яе ўшанаванню, каб трагічныя падзеі мінулага ніколі не паўтарыліся.
Завяршылася акцыя мітынгам-рэквіемам і малітвай памяці з удзелам прадстаўнікоў асноўных канфесій нашай краіны, а таксама пасольстваў Германіі і Аўстрыі ў Беларусі. Ад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў мітынгу прынялі ўдзел протаіерэй Яўген Грамыка і протаіерэй Аляксій Васін, клірыкі Мінскай епархіі.