Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел у Міжнародным навукова-педагагічным форуме «Свет Праваслаўя ў Балтыйскім рэгіёне: чалавек, вера, мова, маральнасць»

01 мая 2017

top.jpg

У Вільні 28-29 красавіка 2017 года адбыўся Міжнародны навукова-педагагічны форум «Свет Праваслаўя ў Балтыйскім рэгіёне: чалавек, вера, мова, маральнасць». Мэтай форуму стала аб'яднанне праваслаўнай супольнасці краін Балтыйскага рэгіёну для абмеркавання актуальных пытанняў гуманітарнага, сацыяльнага зместу, адукацыйна-выхаваўчых праблем, жыцця Царквы і сувязі яе са светам.

Арганізатарамі форуму выступілі Віленская і Літоўская епархія Рускай Праваслаўнай Царквы, Інстытут праваслаўнай адукацыі і выхавання Літоўскай Рэспублікі, Навукова-адукацыйны цэнтр Мяфодзія і Кірыла Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта, педагагічны факультэт Праваслаўнага Свята-Ціханоўскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Для ўдзелу ў мерапрыемствах форуму ў сталіцу Літоўскай Рэспублікі з'ехаліся святары, навукоўцы і педагогі з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Беларусі, Польшчы і Харватыі.

Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ад Беларускай Праваслаўнай Царквы ў працы форуму прынялі ўдзел: протаіерэй Павел Сярдзюк, старшыня Сінадальнай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага ў горадзе Мінску; іерэй Дзімітрый Ворса, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў горадзе Мінску і дыякан Сцяфан Варапай, сакратар Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі.

Узначаліў працу Міжнароднага навукова-педагагічнага форуму мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій.

Вялікую цікавасць удзельнікаў форуму выклікалі пленарныя даклады доктара філасофскіх навук Аляксандра Ужанкова (Расія), доктара філасофскіх навук Андрэя Фаміна (Літва), доктара філалагічных навук Анастасіі Кашэчка (Расія), доктара філалагічных навук Наталлі Відмаровіч (Харватыя), доктара педагагічных навук Ліліі Буслоўскай (Польшча).

Church.by