Прыхаджанка і пеўчая моладзевага хору храма ў гонар іконы Божай Маці «Ацаліцелька» горада Бабруйска заняла першае месца на II Міжнароднай царкоўна-пеўчай алімпіядзе для дзяцей і юнацтва

24 снежня 2021

Vasilisa3-of-24.jpg

З 10 па 30 лістапада 2021 года па ініцыятыве кіраўніцтва дзіцячага аддзялення Маскоўскага Сінадальнага хору і пры падтрымцы Царкоўна-грамадскага савета пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі па развіцці рускіх царкоўных спеваў адбылася чарговая царкоўна-пеўчая алімпіяда для дзяцей і юнацтва, прымеркаваная да 300-годдзя Маскоўскага Сінадальнага хору.

У ёй прынялі ўдзел дзесяткі дзяцей і падлеткаў з Маскоўскай епархіі, Алтайскай, Астраханскай, Данской, Екацярынбургскай, Маскоўскай, Самарскай, Санкт-Пецярбургскай, Цвярской, Яраслаўскай мітраполій. Ад Беларускага Экзархату было чатыры прадстаўнікі, два — ад Казахстана і адзін удзельнік — ад Украінскай Праваслаўнай Царквы.

Першае месца на алімпіядзе заняла 19-гадовая Васіліса Сакалова — прыхаджанка і пеўчая моладзевага хору храма ў гонар іконы Божай Маці «Ацаліцелька» ў горадзе Бабруйск.

Алімпіяда праводзілася для развіцця юнацкай цікавасці да царкоўна-пеўчага мастацтва, праверкі разумення богаслужэбнага ўставу, тыпаў і тэкстаў спеваў, царкоўна-славянскай мовы і асаблівасцяў мастацтва звону сярод самага маладога пакалення вернікаў. Усе гэтыя веды на высокім узроўні прадэманстравала Васіліса: «Думала, што буду першая з канца, а атрымала 107 балаў. Перад напісаннем алімпіяды мы з кіраўніком спрабавалі адгадаць якія заданні будуць, рабілі ўпор на іх, але амаль усе нашы здагадкі не апраўдаліся». Для першага месца трэба было атрымаць 90 балаў і вышэй.

«Часам складана быць пеўчым, таму што думаеш пра ноты і забываеш ўдумвацца ў тое, што хоча "сказаць" той ці іншы трапар, кандак. На алімпіядзе я перачытвала некаторыя тэксты, і гэта дало мне новае ўсведамленне велічы нашых богаслужэнняў», — дзеліцца ўнутранымі перажываннямі Васіліса.

Васіліса Сакалова вучыцца на інжынера-тэхнолага малочнай прамысловасці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій у Магілёве на трэцім курсе. Пяць гадоў таму Васіліса адгукнулася на прапанову свайго кіраўніка, Святланы Эдуардаўны Бузько, прыняць удзел у арганізацыі моладзевага хору «Ацаліцелькі», хадзіла на самыя першыя спеўкі. Са спеваў у хоры і пачаўся яе шлях паглыбленага знаёмства з верай. Дзяўчына распавядае, што даўно імкнулася да рознай музыкі, як і ўся моладзь, але ёй хацелася нечага больш душэўнага. «Мы спяваем шмат такіх твораў, ад якіх — мурашкі па скуры, — кажа Васіліса. — Вядома, у нас не атрымліваецца выканаць як у арыгінале, але ўсё роўна. Магчыма, пасля заканчэння вучобы я скончу рэгенцкія курсы ў Мінску і працягну звязваць сваё жыццё са спевамі».

Бабруйская епархія/Сhurch.by